Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

24 студзеня — разгляд скаргі Бяляцкага


Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

Менгарсуд разгледзіць касацыйную скаргу праваабаронцы Алеся Бяляцкага, асуджанага на 4,5 года турмы.

«Менскі гарадзкі суд пачне разгляд скаргі 24 студзеня а 10-й раніцы», — паведамілі Інтэрфаксу ў судзе.

Беларускі Хэльсынскі камітэт накіраваў у Менскі гарадзкі суд экспэртнае заключэньне па справе старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага.

У заключэньні пералічаныя акалічнасьці, якія маюць, на погляд праваабаронцаў, важнае значэньне для аб'ектыўнага разгляду справы. БХК спадзяецца, што заключэньне будзе ўважліва разгледжана судом.

Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі асуджаны на 4,5 года турмы ў лістападзе летась. Яго прызналі вінаватым у няплаце падаткаў. Праваабаронца сваёй віны не прызнаў і заявіў, што, што ўсе грошы, атрыманыя на свае рахункі, выдаткоўваў на праваабарончую дзейнасьць.

18 студзеня жонка праваабаронцы Натальля Пінчук перавяла на рахунак упраўленьня юстыцыі Менгарвыканкаму для суду Першамайскага раёну сабраныя грамадзянамі больш як 757 мільёнаў рублёў (90 тысяч даляраў ЗША). «Гэта ўся сума, якую паводле пастановы суду павінен заплаціць Бяляцкі», — заявіла яна.

Падставай для крымінальнага перасьледу Бяляцкага стала інфармацыя пра банкаўскія рахункі, якую перадалі афіцыйнаму Менску Літва і Польшча.

Бяляцкі знаходзіцца ў жодзінскай турме.

Краіны Эўразьвязу, ЗША і міжнародных праваабарончых арганізацый лічаць Бяляцкага палітвязьнем, а прысуд яму — палітычна матываваным. Яны патрабуюць ад уладаў Беларусі вызваліць праваабаронцу.
XS
SM
MD
LG