Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАРЭ чарговым разам абмяркуе сытуацыю ў Беларусі


«Беларускае пытаньне» ўваходзіць у парадак дня зімовай сэсіі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, якая распачынаецца 23 студзеня ў Страсбуры.

Сытуацыю ў Беларусі плянуюць абмеркаваць 25 студзеня.

Апоўдні паводле менскага часу 23 студзеня «беларускае пытаньне» абмяркуе палітычны камітэт ПАРЭ.

На паседжаньні са справаздачай выступіць дакладчык ПАРЭ Андрэс Хэркель. Будзе таксама прадстаўлены даклад прадстаўніка камітэту ПАРЭ па юрыдычных пытаньнях і правах чалавека, нямецкага дэпутата Марылуіза Бэк.

Даклад Хэркеля і праект рэзалюцыі, якія будуць вынесены на галасаваньне, абмяркоўваліся 15 сьнежня на пасяджэньні палітычнага камітэту ПАРЭ.

Камітэт выказаў глыбокую занепакоенасьць тым, што сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі пагаршаецца. На думку камітэту, санкцыі Эўразьвязу ў дачыненьні да афіцыйнага Менска павінны захоўвацца і нават ўзмацняцца да тых часоў, пакуль ня будуць вызваленыя палітвязьні, ня спыніцца ціск і перасьлед палітычнай апазыцыі, незалежных мэдыяў і праваабаронцаў.

У праекце рэзалюцыі прапанавана не аднаўляць кантакты ПАРЭ зь беларускімі ўладамі на высокім узроўні да таго часу, пакуль у краіне ня будзе ўведзены мараторый на сьмяротнае пакараньне. Да гэтага ж моманту павінна заставацца замарожанай і заяўка Беларусі на вяртаньне Нацыянальнаму сходу статусу спэцыяльнага запрошанага ў ПАРЭ.

Пры гэтым палітычны камітэт ПАРЭ лічыць неабходным узмацніць падтрымку грамадзянскай супольнасьці, незалежных СМІ і дэмакратычных сіл Беларусі.

Асабістае запрашэньне атрымалі: кіраўнік АГП Анатоль Лябедзька, кіраўнік Руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч і адзін зь кіраўнікоў кампаніі «Гавары праўду» Аляксандар Фядута.

Беларусь — адзіная эўрапейская краіна, якая не ўваходзіць у Раду Эўропы. Статус адмыслова запрошанага ў ПАРЭ беларускі парлямэнт страціў 13 студзеня 1997 г., нагадвае БелаПАН.
XS
SM
MD
LG