Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнка баіцца за сябе»


Жыхары Магілёва адказалі на пытаньне карэспандэнта «Свабоды»: Чаму, на іх думку, Аляксандар Лукашэнка не выконвае патрабаваньне Захаду і не вызваляе палітвязьняў?

Юнак: Ён за сябе хвалюецца, таму чхае на ўсё. Ён так прыбірае сваіх канкурэнтаў.

Малады спадар: Калі ён будзе выконваць іх патрабаваньні, то атрымаецца, што Захад дыктуе нашаму ўраду і краіне як трэба жыць. Чаму мы кагосьці павінны слухаць? Значыць, Лукашэнку гэта папросту ня выгадна.

Спадар: Напэўна заслужылі яны, то сядзяць. Хто не заслужыў, той не сядзіць. А пры чым тут Захад? Захад усяго патрабуе, што яму патрэбна, а што Беларусі патрэбна, дык ён нічога не дае.

Юнак: Ён баіцца – гэта безумоўна. Гэта відаць зь яго дзеяньняў. Ён хоча, каб яму напісалі тыя прашэньні, каб перад ім зьневажаліся. Палітвязьні ж могуць распачаць новую кампанію супраць яго.

Малады спадар: Як сказаў Лукашэнка: «Вы разьбірайцеся са сваімі справамі, а мы самі тут разьбяромся». Гэта створыць для яго нейкія праблемы ў палітычных яго дзеяньнях.

Малады спадар: Патаргавацца хоча за іх наконт нейкіх паблажак у палітычнай галіне, эканамічнай.

Спадар сталага веку: Упёрты ён хлопец. Калі ён быў камсамольскім арганізатарам, то ён таксама лез на ражон. Ён, відаць, такім і застаўся. Адпусьціць – значыць прагнуцца, а прагінацца ён ня будзе. Уладу не аддасьць, будзе трымацца за яе да канца жыцьця свайго.

Спадар: Нешта яму перашкаджае гэта зрабіць, альбо ня хоча гэтага рабіць. Гэта яго пытаньні. Гэта палітыка, а я ўсяго толькі працоўны. У палітыку менш лезеш, спакайней сьпіш.

Спадар: Значыць, гэтак улады вырашылі. Раз ужо асудзілі, суд прысудзіў, то няхай ужо адбываюць свой тэрмін пакараньня. Канечне прэзыдэнт іх можа памілаваць, але гэта толькі па ягоным жаданьні, я так разумею.

Спадар: Існуе добрая прымаўка: «Нішто так не псуе чалавека, як улада і грошы. Апазыцыя павінна быць у любой дзяржаве, але ў нармальных умовах. Павінны ўсе выказваць свае меркаваньні, але не затыкаць кожнаму рот.

Спадар сталага веку: Ну гэта пытаньне да яго, а не да мяне. Я лічу, што трэба прыслухоўвацца да нейкіх меркаваньняў. Я да гэтага стаўлюся неяк роўна. Я ў палітыку наагул ня ўмешваюся. Палітзьняволеныя? Мне гэта нічога ня кажа. У нас мала інфармацыі пра гэта.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG