Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі мастак і палітычны дзяяч Яўген Шатохін памёр 21 студзеня ў Пінску.

«Нацыянальна-вызвольны Рух страціў выдатнага, мужнага барацьбіта за волю і незалежнасьць Бацькаўшчыны, – гаворыцца ў нэкралёгу, які распаўсюдзіла кіраўніцтва БНФ «Адраджэньне» і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ.

Яўген Шатохін (25.02.1947 – 21.01.2012) быў адным зь першых арганізатараў вызвольнага ўздыму на прыканцы 1980-х гадоў, калі па ўсёй Беларусі патрыёты ўтваралі структуры Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне». Менавіта Яўген Шатохін арганізаваў народны супраціў на Піншчыне супраць жнівеньскага путча 1991 году і ўзьняў над родным горадам бел-чырвона-белы сьцяг. На працягу больш чым дваццаці гадоў ён кіраваў фронтаўскім рухам на Піншчыне, быў арганізатарам палітычных акцый і беларускага асьветніцтва. Назаўжды застануцца ў скарбонцы нашай нацыянальнай культуры творы Яўгена Шатохіна – выдатнага мастака. У ягоных малюнках і акварэлях таленавіта адлюстравалася прыгажосьць і непаўторны характар нашай Радзімы, сказана ў нэкралёгу.

Рыгор Барадулін

Не забываецца


Яўгену Шатохіну

Парыж, як спарыш
Мастакоўскіх сноў,
Дзе з караня вышыня расьце.
І на палях Елісейскіх
Палешуку
Бачыцца поле ў шаўку
Валачомістых туманоў
На прысталай вярсьце.
Не забываецца раньне,
Дзе на сьняданьне
З гарачай жмені кацёл
Бульбу сонную сыпаў
На голы, чысьцюткі стол,
І бульбіны
Ў малечых руках
Дыміліся,
Быццам зоркі.
…Дасюль
Гэты Млечны шлях
Ад першай сьлязы салёны,
Ад успаміну горкі,
Ад атавы расстаньня
Зялёны…


Выстава Яўгена Шатохіна ў Нью-Ёрку



Вянок памяці Яўгена Шатохіна – пазьней на сайце Свабоды.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG