Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турэмшчыкі не перадалі палітвязьню Бандарэнку лісты ад Гаўла і Буша


Агляд навінаў палітвязьняў.

Зьміцер Бандарэнка атрымаў паведамленьне пра лісты ад Вацлава Гаўла і Джорджа Буша, але не самі лісты. Ірына Халіп пракамэнтавала абмежаванасьць зьвестак пра Андрэя Саньнікава пасьля сустрэчы зь ім адваката. Мікола Статкевіч яшчэ 3 дні будзе знаходзіцца ў карцэры. Алесь Бяляцкі ня верыць ў тое, што касацыйная скарга будзе задаволеная. На «хіміі» Паўла Севярынца ўдвая павысілі плату за інтэрнат.

Зьміцер Бандарэнка

Зьміцер Бандарэнка

21 студзеня палітвязень Зьміцер Бандарэнка патэлефанаваў дамоў. «Гэта быў плянавы, апошні ў гэтым месяцы званок. Зьміцер паведаміў, што яму адмовілі ў перадачы копій віншавальных лістоў ад Джорджа Буша і Вацлава Гаўла, якія дасылала Радыё Свабода», — распавяла жонка палітвязьня Вольга.

«На імя Дзімы прыйшоў ліст ад Радыё Свабода, што яму дасланыя копіі лістоў ад Гаўла і Буша. Самі лісты раней дасылаліся і не дайшлі, дык зараз у калёнію адправілі копіі. Дык вось ліст ад „Свабоды“ яму паказалі і аддалі, а копіі лістоў Гаўла і Буша забралі. Яго з такім рашэньнем азнаёмілі. Там была такая фармулёўка, што нібыта ў тых лістах ёсьць заклік да зьвяржэньня ўлады».

Вытрымка з ліста былога прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша да беларускіх палітвязьняў:

"На працягу гэтага году сьвет пабачыў нечаканы ўзыход свабоды ў Тунісе, Эгіпце і іншых краінах, якія, на думку шмат каго, былі несумяшчальныя са свабодай. Свабода — усеагульная, і прыдзе дзень, калі яна будзе зьзяць у самых змрочных кутках зямлі.

У гэты сьвяточны час вы мусіце ведаць, што пра вас не забыліся. Лора і я пасылаем нашыя віншаваньні вам і вашым сем"ям, і мы будзем думаць і маліцца пра вас.

Няхай вас блаславіць Бог, каб вы былі на свабодзе і разам з тымі, каго любіце, у 2012. Джорж Буш, 22 сьнежня 2011 года."


А вось што пісаў беларускім палітвязьням за некалькі дзён да скону былы прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Гавал.

«Хацеў бы сардэчна вас павіншаваць на парозе новага году і пажадаць вам і вашым блізкім, каб ён быў лепшым, чым мінулы. Выказваю салідарнасьць з вашай пазыцыяй і буду і надалей выкарыстоўваць усе магчымасьці, каб разам са сваімі сябрамі зьвяртаць увагу міжнароднай грамадзкасьці на парушэньне грамадзянскіх правоў у Беларусі.

Жадаю ўсяго добрага вам і свабоды вашай краіне.»


Вольга Бандарэнка ведае тэксты гэтых лістоў і зьдзіўляецца, дзе ў іх супрацоўнікі Магілёўскай калёніі знайшлі заклікі да зьвяржэньня ўлады. «Хіба што ў пажаданьнях свабоды», — кажа жонка палітвязьня.

Андрэй Саньнікаў

Андрэй Саньнікаў

Напярэдадні да экс-кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава дапусьцілі адваката. Пасьля сустрэчы адвакат паведаміла толькі тое, што Саньнікаў выглядае і пачуваецца нармальна. Адсутнасьць іншых зьвестак Ірына Халіп пракамэнтавала «Свабодзе».

«У мяне такое адчуваньне, што, напэўна, Андрэю сказалі, што калі ён хоча сустракацца з адвакатам, калі ён хоча, каб да яго быў нейкі доступ, ён павінен маўчаць пра тое, што зь ім адбываецца. Таму ён нічога і не казаў, толькі пра здароўе, што асаблівых скаргаў няма, адчувае сябе нармальна».

Мікола Статкевіч

Мікола Статкевіч

На будучым тыдні да былога кандыдата на прэзыдэнта Мікалая Статкевіча ў Магілёўскую турму выправіцца адвакат, каб даведацца пра ягоныя справы. Статкевіча трымаюць у карцэры адразу пасьля суду, які вырашыў перавесьці вязьня са Шклоўскай калёніі ў крытую турму. Жонка палітка Марына Адамовіч кажа.

«Я атрымала афіцыйнае паведамленьне, што ён там і што яму на год належыць адна бандэролька і адно кароткае спатканьне».

24 студзеня Міколу Статкевіча мусяць выпусьціць з карцэра, калі зноў не пакараюць, як частка бывала з палітвязьнямі.

Тады ж, 24 студзеня ў Менскім гарадзкім судзе будзе разгледжаная касацыя праваабаронцы Алеся Бяляцкага на прысуд, паводле якога яго асудзілі на 4,5 гады зьняволеньня. Жонка праваабаронцы Натальля Пінчук паведаміла, што ў лісьце дамоў Алесь напісаў, што на гэтую касацыю не разьлічвае.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG