Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На Кальварыйскіх могілках Менску адбылася талака па добраўпадаркаваньню іх цэнтральнай гістарычнай часткі.

Менавіта тут менскі «Спэцкамбінат» зьмясьціў папераджальныя пазнакі аб магчымым зносе шэрагу пахаваньняў. Адміністрацыя заяўляе, што пазначаныя магілы ня будуць зьнесеныя, а грамадзкія актывісты намераныя кантраляваць захаванасьць Кальварыі.

Грамадзкі актывіст і вернік Аляксандр Красоўскі падтрымаў у інтэрнэце заклік настаяцеля Кальварыйскага касьцёла, кс. Андрэя Бародзіча добраўпарадкаваць магілы, якім пагражае небясьпека зносу. Калі разам з сябрамі і паплечнікамі яны прыйшлі на Кальварыю на талаку, іх таму ўжо чакалі пяцёра супрацоўнікаў спэцслужбаў, двое зь якіх фільмавалі актывістаў і тое, як яны ачышчалі магілы ад сьнегу. Гаворыць Аляксандр Красоўскі:

«Людзі прыйшлі прыбіраць могілкі: мы не ўчынялі ніякі мітынг, гэта не была акцыя пратэсту, але нас ужо здымалі на відэакамэру. Што таксама вельмі зьдзівіла, што прыйшлі прадстаўнікі адміністрацыі, далі нам нейкі працоўны рыштунак — гэткім чынам пайшлі нам насустрач».

У сваю чаргу кіраўнік адміністрацыі Кальварыйскіх могілак Вячаслаў Сімахін сьцьвярджае, што пазнакі на магілах былі зробленыя выключна для прыцягненьня ўвагі сваякоў і грамадзкасьці пра неабходнасьць даглядаць пахаваньні. Гаворыць Вячаслаў Сімахін:

«Ніхто нічога зносіць не зьбіраецца. Магчыма, што нейкае рашэньне ці пастанова яшчэ будуць, але нашая галоўная задача — прыцягнуць увагу на гэтыя недагледжаныя магілы і калі, канечне, ёсьць рэакцыя на супрацоўніцтва з адміністрацыяй і прыходзіць усё да ладу, то мы гэта толькі вітаем, будам супрацоўнічаць і ўсяляк дапамагаць».

На Кальварыйскія могілкі прыйшлі працаваць таксама і іншыя людзі, якія, пабачыўшы моладзь у атачэньні сілавікоў зь відэакамэрамі, сыходзілі. Такі пільны кантроль ўладаў да грамадзкай актыўнасьці людзей выклікае непаразуменьне і абурэньне, кажа Павал — яшчэ адзін удзельнік талакі:

«Крыўдна, што заклік аб дапамозе ў прыборцы могілак — простая грамадзкая ініцыятыва — яна была перакручаная, што гэта нібыта палітычная акцыя якая. Атрымоўваецца, што калі мы нешта робім паводле ўласнай ініцыятывы і не належым да нейкіх дзяржаўных структураў, то мы ўжо выступаем супраць дзяржавы. Гэта сьмешна і прыкра, што так адбываецца».

Тым ня менш, моладзь намераная і надалей праводзіць акцыі добраўпарадкаваньня на Кальварыі, каб захаваць непарушнымі найстарэйшыя могілкі Менску і помнік гісторыі міжнароднага значэньня, кажа удзельніца акцыі Кацярына:

«У нас ёсьць плян і мы так дамовіліся — тыя хто ёсьць — прыйсьці сюды вясной і зрабіць добрую хрысьціянскую справу — аднавіць гэтыя могілкі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG