Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каляда: «Агідна, што Францыя выпусьціла Куляшова»


Міністар унутраных спраў Беларусі Анатоль Куляшоў вярнуўся ў Менск пасьля візыту ў францускі Ліён, дзе ўзяў удзел у канфэрэнцыі Інтэрполу.

Францускі адвакат Вільям Бурдон, падчас знаходжаньня міністра ў Францыі, падаў пазоў у парыскі суд на арышт Куляшова. Аднак Куляшову ўдалося пазьбегнуць затрыманьня і допыту.

Афіцыйныя мэдыі ў Беларусі замоўчваюць факт падачы адвакатам Вільямам Бурдонам пазову супраць міністра унутраных спраў Беларусі Анатоля Куляшова. Паведамляецца толькі, што візыт дэлегацыі ў Ліён на чале з Куляшовым завяршыўся. Яго вынікам стала падпісаньне пагадненьня паміж Беларусьсю і Інтэрполам аб прызнаньні пашпарту гэтай арганізацыі. Пакідаючы Францыю Куляшоў падзякаваў генэральнаму сакратару Інтэрполу за прыём і паабяцаў пашыраць супрацоўніцтва. Куляшоў назваў Інтэрпол «стабільным міжнародным партнэрам Беларусі». Міністар Куляшоў вярнуўся ў Менск, паведамілі карэспандэнту Свабоды ў апэратыўна-дзяжурнай службе МУС Беларусі.

Адна з заснавальніц ініцыятывы Free Belarus Now, Натальля Каляда, ад імя якой таксама падаваўся пазоў у парыскі суд супраць Анатоля Куляшова, сказала Свабодзе, што нягледзячы на тое, як рэагавалі ўлады Францыі, юрысты працягваюць пачатую справу:

Натальля Каляда
Натальля Каляда
«Усе справы падрыхтаваны поўнасьцю абсалютна дэталёва. Тое, што Францыя выпусьціла Куляшова, гэта абсалютна агідна. І ўсё гэта пустаслоўе, калі Францыя кажа, што краіна пабудавана на прынцыпах свабоды, роўнасьці і братэрства. Гэта элемэнтарная здрада базавым прынцыпам дэмакратыі і эўрапейскіх каштоўнасьцей. Інтэрпол — гэта яшчэ больш дрэнная сытуацыя. Замест таго, каб уносіць чалавека, які арганізоўваў злачынства ў сьпісы Інтэрполу,туды ўносяцца тыя, хто адседзеў і каго катавалі».

Натальля сказала, што сябры ініцыятывы прадоўжаць свае дзеяньні на высокіх палітычных узроўнях «дзеля таго, каб Эўразьвяз адказваў за свае крокі».

Праваабаронца Гары Паганяйла адзначае, што выяжджаючы зь Беларусі міністар Куляшоў скарыстаўся дыпляматычным імунітэтам. Ён быў запрошаны для ўдзелу у канфэрэнцыі Інтэрполу, штаб-кватэра якога знаходзіцца ў францускім Ліёне.

Гары Паганяйла
Гары Паганяйла
«Пераадолець дыпляматычны імунітэт у такіх выпадках крайне складана. І францускія судовыя ўлады цудоўна разумеюць, што ў гэтым выпадку затрымаць і арыштаваць міністра немагчыма. Існуе Венская канвэнцыя, якая дае дыпляматычны імунітэт у такіх выпадках і дзяржавы яго захоўваюць».


Лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч адзначае, што калі б Інтэрпол меў матэрыялы, што Куляшоў учыніў злачынства, то Інтэрпол сам бы яго перасьледаваў.

Аляксандар Мілінкевіч
Аляксандар Мілінкевіч
«Але такога сьледзтва не было і толькі суд даказвае віну чалавека. Хаця мы тут у Беларусі разумеем выдатна ролю Куляшова ў разгонах мірных дэманстрацый. Але калі быць прававой дзяржавай і падыход у дэмакратаў павінен быць прававы, то я ня бачу тут ніякага скандалу. Усё было адпаведна законам».



Паводле сябра праваабарончага цэнтру «Вясна» Уладзімера Лабковіча, зь юрыдычнага гледзішча была правамернай выдача візы Куляшову і адмова ў яго затрыманьні.

Уладзімер Лабковіч
Уладзімер Лабковіч
«З гледзішча грамадзкасьці, маральнасьці факт выдачы візы Куляшову паказвае не тое наколькі недасканалыя санкцыі адносна Беларусі, а наколькі гэтыя санкцыі не адпавядаюць нават самой сутнасьці санкцый. І наколькі беларускі рэжым, накіроўваючы такіх адыёзных асобаў, зьдзекуюцца над так званымі санкцыямі. І гэты выпадак патрабуе неадкладнага перагляду з боку эўрапейскіх структураў падыходу да палітычнага, эканамічнага і любога іншага ціску на рэжым».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG