Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барань, Віцебская вобласьць

Гетман ВКЛ Хрыстафор Радзівіл заклаў «мястэчка на рацэ Барані» амаль 415 год таму. Статус гораду Барань атрымала за савецкім часам у сувязі з адчыненым тут «гігантам зборкі» — буйным прадпрыемствам па вытворчасьці вайсковых сродкаў сувязі «Чырвоны Кастрычнік», дзе тады працавала каля 9000 чалавек.

У жнівеньскія дні 1991 году яны павесілі над хмарачосам заводакіраваньня вялізны плякат — «Фашызм ня пройдзе!» У 93-м бараньцы былі сярод першых, хто на знак пратэсту супраць нізкіх заробкаў ды падвышэньня цэнаў перакрылі чыгунку з Масквы на Берасьце. Тады й нарадзіўся тут Свабодны прафсаюз мэталістаў. Нязьменна ўзначальвае яго спадар Васіль Леўчанкаў, цяпер ён і праваабаронца цэнтру «Вясна». Чацьвёрты дэпутацкі тэрмін 12-ы год працуе сябра БСДП(Г) , спадар Віктар Міхасёў. Да іх першыя постнавагоднія пытаньні.

Карэспандэнт: «Чаго больш было ў мінулым годзе пасьля 19 сьнежня — паразаў, белых плямаў бязьдзейнасьці альбо хоць невялікіх перамог?»

Міхасёў: «Да мяне асабіста шмат людзей стала зьвяртацца, чаго не было раней. Нэгатыўная ацэнка дзеяньняў уладаў. Тут бегаюць праўладныя дзядулькі, якія на мяне пастаянна ўказваюць — „такі-сякі бэнээфавец пайшоў“. І гэтым зрабілі добрую мне рэкляму — горад маленькі і ня трэба шукаць. Сустрэў пэнсіянэрку, якая ледзь ня плакала, бо паглядзела сюжэт па БТ, дзе „мазалі“ Статкевіча, Саньнікава — „гэта такая подласьць, і няўжо яны лічаць нас за дурняў, што павераць гэтаму бруду?!“ Людзі ня вераць усяму, што казалі па БТ, у тым ліку прэзыдэнту — „ну вось ізноў нешта ляпнуў“. Пералом, што чуюць па БТ — адно, прыходзяць у краму — там другое...»

У Барані існуюць суполкі, бадай, усіх палітычных партый краіны. Папярэдняя кампанія па выбарах у мясцовы савет была ці ня самая скандальная. Вэтэраны з праўладнай КПБ распаўсюджвалі ўлёткі пра незалежных кандыдатаў, дзе тыя называліся «прыслужнікамі спэцслужбаў, што жывуць на іх падачкі». У часе вандроўкі-2012 мне ўдалося пагутарыць з сакратаром па ідэалёгіі Аршанскага КПБ, што жыве ў Барані, 83-гадовым таварышам Анатолем Касьянавым. Для яго «прынцыпы» засталіся непарушнымі і ён, як заўжды, «гатовы».

Касьянаў: «Мы лічым, што прэзыдэнт праводзіць правільную, сацыяльна скіраваную палітыку, і падтрымліваем яго ў гэтым. Дзеяньні прэзыдэнта не падабаюцца заходнім спэцслужбам і яны ўсяляк супрацьдзейнічаюць. Зараз ідзе ідэалягічная вайна. У Барані раней апазыцыя праводзіла мітынгі — „Далоў прэзыдэнта“, цяпер — не. Мы імкнемся праз вэтэранскую арганізацыю адсочваць, выпрацоўваць у людзей пазыцыю...»

Карэспандэнт: «Вас, сяброў КПБ, — двое, а вэтэранаў?»

Касьянаў: «Больш за 300 чалавек. І нам удаецца праводзіць у Барані ідэалягічную працу — бяз нас не абыходзіцца ніводнае мерапрыемства. Мы выпрацоўваем рэзалюцыю заўжды і пасылаем яе ў адпаведныя органы...»

Ізноў да размовы са спадарамі Віктарам Міхасёвым ды Васілём Леўчанкавым.

Карэспандэнт: «У Барані якія найбольш балючыя сацыяльна-бытавыя праблемы?»

Міхасёў: «Праца! Прадпрыемства горадаўтваральнае вельмі скарацілася. Апошні „здабытак“ — збор мэталалому. Падбіраюць усё, крадуць. Да гэтага існаваў мафіёзны „чорны рынак“ — былі свае прыёмшчыкі, адносіны зь міліцыяй. Але з крызісам улада гэта легалізавала, і людзі атрымалі магчымасьць здаць мэтал — расцэнкі больш як 2 млн за тону...»

Карэспандэнт: «Давайце падлічым. У Барані жыве каля 12 тысяч. У былым „Чырвоным Кастрычніку“, які называецца цяпер „Тэхніка сувязі“, працуе крыху больш за тысячу — не беспрацоўныя толькі чвэрць працаздольных?»

Міхасёў: «Афіцыйна ўлада назвала нам лічбу непрацуючых у горадзе — 4400. А ўсяго працаздольных ня больш за 6 тысяч. Частка гэтых людзей працуе ў Воршы, на раёне, матаюцца ў Менск, Маскву, Піцер...»

Карэспандэнт: «Якая частка пачынае зьвязваць свой лёс з Расеяй?»

Леўчанкаў: «Я размаўляў з маладым чалавекам. Ён кажа, што калі раней ехалі працаваць, каб вярнуцца ў Беларусь, дык зараз ёсьць частка моладзі, якая хоча атрымаць расейскі пашпарт і жыць там. Амаль у кожным пад’езьдзе па ўсім горадзе была абвестка прадпрыемства пад Масквой — запрашала на працу ад прыбіральшчыцы да намесьніка начальніка цэху. Там прапісаны сацпакет, інтэрнат і заробак — пачынаючы ад 800 даляраў...»

Міхасёў: «Прыяжджалі сюды, шукалі пэўных спэцыялістаў-інжынэраў на расейскія прадпрыемствы зь вялікімі заробкамі. Сябры дэмпартый многія зьехалі ў Расею. Я ведаю, кім працуюць — рабочымі, прыбіральшчыцамі, афіцыянткамі, у ахове, гандлююць у крамах...»

Карэспандэнт: «Ідзе вымываньне кадраў і насельнікаў Барані?»

Міхасёў: «Нясьпешна, але ідзе. Свой лёс з горадам моладзь ня зьвязвае. Адзінае было — магчымасьць пабудаваць жыльлё па ільготным крэдыце.»

Леўчанкаў: «Кожны год адна-дзьве шматпавярхоўкі. І на гэтым усё...»

Тым ня менш пры канцы мінулага году Барань выбухнула кароткатэрміновым страйкам камунальнікаў з ЖЭУ-8. Кажа адзін з арганізатараў, 35-гадовы сьлесар Алег Якаўлеў.

Якаўлеў: «Патрабавалі павелічэньня зарплаты. Была напісана папера з патрабаваньнямі, вывесілі на дзьвярах такарнага цэху, каб людзі чыталі і падпісвалі. Сабраліся на двары рамонтных майстэрняў — сантэхнікі, электрыкі, будаўнікі. Выйшлі майстры — некаторыя таксама паставілі подпісы. Начальнік стаў высьвятляць, хто галоўны падрывае „баяздольнасьць“ прадпрыемства. (Сьмяецца.) Я яму расказаў, што заробак ад 800 тысяч да мільёна не дазваляе нармальна жыць. Подпісы паставілі 60 чалавек з 200. Мы вырашылі адвезьці паперу ў прыёмную гендырэктара „Воршакамгасу“. Ён прыехаў у Барань, абяцаў....»

Карэспандэнт: «А вынік які?»

Якаўлеў: «Людзі задаволеныя, што хоць раз выказалі пазыцыю за дзесяцігодзьдзі. Пасьля страйку ў разьліковых лістах людзі ўгледзелі, што заробак нязначна, але павялічаны...»

Карэспандэнт: «Алег, як ты думаеш, гэта першая ластаўка?»

Якаўлеў: «Першая. Людзі ня маюць вопыту. Але жыць так нельга...»
* * *



У 2004-м мясцовым апазыцыянэрам удалося надаць статус помніка прыроды мясцовага значэньня цудоўнаму парку зь векавымі соснамі ды кляновай алеяй, што месьціцца ў цэнтры гораду на тэрыторыі ў 10 га. Экс-дэпутат ды сябра Партыі БНФ Ганна Леўчанкава паклала на гэта гады жыцьця. Але цяпер яна ізноў у роспачы.

Ганна: «Былі сьпілаваныя ў мінулым годзе чатыры старажытныя сасны, пасьля 2004-га ніводнае дрэва не падсаджанае, падлесак, што высеклі, не адноўлены. Пляцовак для дзяцей і старых ня зроблена. Стары плот быў зьнесены. Мэру Русакову задавалі пытаньне — „Будзе новы, прыгожы!“ Прайшло 7 год. Плот, які б захоўваў сасьняк ад высыханьня, пашкоджаньня жывёламі, транспартам — не зьявіўся. Сосны, якія пацярпелі ад людзей і хвароб, мы падлячылі. А ўлада нічога не зрабіла...»

Непадалёк месьціцца гарадзкі кірмаш, на якім я ня ўбачыў ніводнага пакупніка. Яшчэ 4 гады таму, калі вандраваў па Барані ўпершыню, у горадзе было зарэгістравана каля 300 прадпрымальнікаў. Цяпер пажылая кабета ды дзьве маладзіцы за прылаўкамі сустрэлі мяне як канкурэнта.



Спадарыня: «А вы гандляваць прыехалі?»

Карэспандэнт: «Во пасьведчаньне, каб не пужаліся...»

Спадарыні: «Нас не спужаць ужо нічым! (Сьмех.) Прадпрымальнікаў зараз каля дзясятка. А тавары ўсе ляжаць...»

Карэспандэнт: «Як бы вы вызначылі — цяпер самыя горшыя часы ці сярэднія?»

Спадарыні: «Гэта самыя-самыя пазаапошнія! (Сьмех.) Выручкі, бывае, аніякай... Можна было б горш, але няма куды! (Сьмяецца.) Ці бачыце хоць аднаго чалавека? Сабакі і тыя ня бегаюць! А падаткі! Ня можам толку дабіцца з камэрай, куды ставім тавар. Было ў дзень 40 тысяч, а нашы гаспадары з „Воршасэрвісу“ ў тры разы дабавілі. Хадзілі ў гарвыканкам — „ні атвету, ні прывету“. 110 тысяч плацім — людзі менш за кватэру. А куды тавар ставіць?!»

Карэспандэнт: «А вас як завуць?»

Спадарыня: «Любоў Сяргееўна...»

Карэспандэнт: «І што думаеце рабіць?»

Спадарыні: «Працу шукаць будзем...»

Спадарыня Сьвятлана Грачуліна, сябра грамадзянскай кампаніі «Наш дом», адстойвае ў Барані правы дзяцей-сірот. Сама ўзяла на выхаваньне ўжо другое дзіця. Кажа, што працуе «прыёмным бацькам». Прашу патлумачыць.

Грачуліна: «Прыёмныя бацькі — людзі, якія ў хаце выхоўваюць дзяцей, што ўзятыя ў дзіцячых дамах, альбо якія пакінутыя ў прытулках на сацыяльна небясьпечным становішчы. Я спачатку ўзяла ўнучатую пляменьніцу, зараз студэнтка 4 курсу. А калі ёй было 16, сказала — „Мама, давай возьмем яшчэ каго-небудзь“. Паехалі ў дзіцячы дом, выбрала сама хлопчыка, яму зараз 9 — узялі, калі было чатыры...»

Карэспандэнт: «Нейкая даплата ідзе за гэта?»

Грачуліна: «Стаж ідзе працоўны і плацяць стаўку выхавацеля. Мы адстойваем правы дзяцей-сірот на ўсіх узроўнях...»

Карэспандэнт: «Выявілася, гэта пытаньне палітычнае?»

Грачуліна: «Ну так — нібы прымаюць законы, але мясцовыя ўлады іх тарпэдуюць. У нас была вельмі маленькая дапамога. Як усталявалі з 1 студзеня летась 406 тысяч. дык зрабілі з 12 кастрычніка 460 — і то з-за таго, што сталі зьвяртацца. Але гэтых грошай нават на ежу дзіцяці не хапае! Хоць напісана, што мы павінны іх апранаць, гулькі, кніжкі купляць — усё за нашы грошы. Сталі падымаць пытаньне ў гарана, выканкаме — кажу: ну можна зрабіць дзецям бясплатнае сілкаваньне? Яны кажуць, што сіроты „не адносяцца да такой катэгорыі“. А ў студзені зараз скажуць — мы ж вам павялічылі да 874 тысяч. Ізноў дапамогі ніякай ня будзе...»

З мацачком Алегам гутарым сам-насам.

Карэспандэнт: «Я з радыё, зь Менску. Любіш маму Сьвету?»

Алег: «Так, мамай называю заўжды. Яна мяне любіць, клапоціцца пра мяне. Хачу заўжды зь ёй заставацца...»

На «дзявятцы» пад’ехаў экс-дырэктар «Чырвонага Кастрычніка», цяпер кіраўнік бараньскай суполкі партыі «Справядлівы сьвет», спадар Уладзімір Палівада. Тэму доўга выбіраць не давялося.

Палівада: «Чаму ўсё ляснулася? Сёньня такая палітычная і эканамічная сыстэма. Дырэктар практычна ніхто, нічога ня можа — у яго няма фондаў, каб заахвоціць браць прадукцыю, як у фірмаў. У нас у 96 годзе было адно прадпрыемства на Ўрале, што прадавала нашу прадукцыю крыху даражэй. І калі Дзяржкантроль сюды прыехаў, адразу схапіліся за яго — я ледзь у турму ня трапіў, хоць ня меў дачыненьня. На прадпрыемстве няма інтэлектуальнай сілы, што магла б распрацаваць вырабы, якія б маглі канкурыраваць на рынку. 50% працуе з тых, што раней: колькі ні пераконваеш, што трэба штурхаць сваю прадукцыю — „а, я справу зрабіў і бывайце здаровы“. З такімі падыходамі наўрад што можна зрабіць. А з Барані зьяжджаюць праграмісты, засталіся ж тыя, каму няма куды дзецца...»



Карэспандэнт: «Што можа ў гэтай сытуацыі апазыцыя?»

Палівада: «Адна з асноўных задач — вызваліць тых, што дарэмна сядзяць. Пасьля патрабаваць выбараў новага прэзыдэнта. Бо пры сёньняшняй уладзе і яе падыходах мы ня зможам нічога зрабіць. Анэкдот пачуў, што ў Беларусі вывелі новага чалавека — гібрыд каня і карася: працуе як конь і маўчыць як рыба...» (Сьмяецца.)

Карэспандэнт: «Трэба ўдзельнічаць у выбарах, калі такі статус-кво захаваецца?»

Палівада: «Не, і нават блізка! Адзінае, трэба ўдзельнічаць у арганізацыі выбараў — быць у камісіі, назіральнікамі. Але выстаўляць кандыдатаў няма сэнсу...»

Са спадарамі Васілём Леўчанкавым ды Віктарам Міхасёвым працягваем гаману пра палітычную сытуацыю ды пэрспэктывы ў Барані-2012.

Карэспандэнт: «У што ператварыўся прафсаюз мэталістаў?»

Леўчанкаў: «Застаўся, але зьменшылася колькасьць сяброў, бо быў наезд — жах! Жыць не даюць — кожны на ўліку ў КДБ, кожны квартал ідзе сьпіс за подпісам начальніка аддзелу кадраў — я бачыў...»

Узгадваю пра выпадак, што спадар Васіль распавёў мне чатыры гады таму.

Леўчанкаў: «Наш прафсаюзны сьцяг — на бел-чырвона-белым фоне напісана „СПМ“: свабодны прафсаюз мэталістаў. Гэтым і адрозьніваецца ад нацыянальнага. У 7 гадзін раніцы выйшаў на ўскраіну і прайшоў праз усю Барань. У канцы заўважыла мяне міліцыя, недзе сталі тэлефанаваць, але ў мяне дрэўка хутка скручваецца дзьвюма часткамі. І — пайшоў на завод. Ахоўнік расказваў, што тэлефанавалі зь міліцыі, ці ўваходзіў са сьцягам. Сказалі, ня бачылі. Міліцыя і не прыходзіла. І ад таго, што ў людзей такія добрыя адносіны, улада шалее...»

Ці запачаткавалася тады традыцыя?

Леўчанкаў: «У мінулым годзе такую спробу не рабіў, але штогод 1 траўня пад бел-чырвона-белым сьцягам робім маёўку. І ў 2012-м будзе абавязкова! (Сьмяецца.) Я адзін з заснавальнікаў „Вясны“ — два разы спрабавалі зарэгістраваць, два разы Мін’юст адмаўляў...»

Карэспандэнт: «Што „Вясну“ чакае пасьля пасадкі Алеся Бяляцкага?»

Леўчанкаў: «Канечне, цяжка і шкада па-чалавечы Алеся. Але дакладна — не дачакаюцца! Чалавек мае права — і гэтае права дадзена Богам. Будзем адстойваць правы людзей...»

Карэспандэнт: «Напярэдадні бліжэйшых парлямэнцкіх выбараў зараз дыскутуецца пытаньне — ці ісьці на іх, ці галасаваць увогуле?»

Міхасёў: «Бальшыня, відаць, схіляецца да таго, каб у выбарах ня браць удзелу. Але калі ўсім не прымаць, дык ці не загонім сябе ў самы далёкі кут, і народ далей ня будзе нас заўважаць?!»

Леўчанкаў: «Спрэчна! Я лічу, у выбарах зараз ня трэба ўдзельнічаць. Бо што ні спрабавалі — і зборы подпісаў, і ў дэпутаты, а нічога зьмяніць нельга. Калі ўлада не жадае гэтага чалавека, у яго заўжды праблемы — з працай, дзеці вучацца — ці скончаць гэтую ВНУ?! У абласныя дэпутаты — рэпрэсіі, кандыдат у прэзыдэнты — турма...»

Карэспандэнт: «Калі сытуацыя з палітзьняволенымі на кропцы замярзаньня застанецца, ці будуць бараньскія апазыцыянэры агітаваць за няўдзел у выбарах?»

Леўчанкаў: «Я для сябе вырашыў дакладна, што ня буду ўдзельнікам — у лепшым выпадку назіральнікам — на выбарах...»

Міхасёў: «Я не магу сказаць, бо нашы партыйныя структуры зьбіраліся ўдзельнічаць. Але я згодны, што ўлада выбары цалкам кантралюе і кожны чалавек, які пойдзе, будзе думаць — якія рэпрэсіі будуць?»

Леўчанкаў: «Назіраў сцэну ў аўтобусе. Тры сталыя жанчыны і адна маладая. Гэта ў кастрычніку, калі скончыўся ільготны праезд. Кажуць, во адмянілі, а маладая — ну, дагаласаваліся за Лукашэнку? Атрымлівай! І тры жанчыны пачалі даказваць, што ніколі не галасавалі за яго і ня ведаюць, хто яго абраў. У аўтобусе была цішыня — выходзіць, галасаваць за яго ўжо сорамна...»

Карэспандэнт: «Сацыялягічныя рэйтынгі прэзыдэнта, улады вагаюцца ад 20% да 30%, але рэйтынг апазыцыі ня ўзрос...»

Леўчанкаў: «Якім чынам падняць рэйтынг? Улёткі? Іх ужо ніхто не чытае, дый за іх таксама садзяць. А калі нешта атрымліваецца, тут жа праблемы ў газэты ці ў разносчыка ўлётак...»

Міхасёў: «Вельмі многія людзі ня вераць прэзыдэнту. Але апазыцыю ня ведаюць — усе інфармканалы перакрытыя, а па ТБ нэгатыў. Усе апошнія выбары праводзіліся так: былі зацьверджаныя кандыдаты, і тыя, якіх улада сама запрасіла, выконвалі ролю спарынг-партнэраў — як бы дэмакратыя...»

Карэспандэнт: «Зыходзячы з таго, што вы сказалі пра палітычнае, эканамічнае, сацыяльна-бытавое жыцьцё Барані, што яе чакае?»

Леўчанкаў: «Калі ня выправіцца сытуацыя на горадаўтваральным прадпрыемстве, цяжка тут будзе. Амаль што тры месяцы не было працы...»

Міхасёў: «Патрэбная мадэрнізацыя ў дзяржаўным маштабе. І браць вопыт эўрапейскіх краін. Рэформы патрэбныя, бо структура дзяржавы, як 15–20 год таму. А пакуль толькі піяр...»

Міхасёў: «Людзі разгубленыя і чакаюць горшага. І таму многія ўзялі яшчэ па кавалку зямлі, засеялі гароды — адчуваньне цяжкасьцей і праблем, што наваляцца...»

Леўчанкаў: «Віцэ-прэм’ер Сямашка заявіў, што атрымаем мільярды даляраў ад Кітаю. І — о-кей, ня будзе праблем з валютай, сказаў прэзыдэнт. Іншым разам думаю — мы як варвары! Не павінны быць такія выбары, такія адносіны да палітычных апанэнтаў! Калі ж улада гэта зразумее?! Калі ня будзе мадэрнізацыі грамадзтва, канкурэнцыі палітычнай, эканамічнай, нічога ня будзе. І Барань будзе паходзіць ад слова „баран“!» (Агульны сьмех.)
XS
SM
MD
LG