Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слуханьні пра «пірацтва» ў інтэрнэце адкладаюцца


Лідэр дэмакратычнай большасьці ў сэнаце ЗША Гары Рэйд абвясьціў аб пераносе слуханьняў па законапраекце аб барацьбе зь «пірацтвам» у Інтэрнэце – пасьля масавых пратэстаў Інтэрнэт-індустрыі і карыстальнікаў Сусьветнай сеткі.

Слуханьні былі заплянаваныя на наступны тыдзень, аднак, са словаў Рэйда, «у сьвятле бягучых падзей» было прынятае рашэньне іх перанесьці.

Законапраект прадугледжвае, у прыватнасьці, магчымасьць закрыцьця вэб-сайтаў, калі на іх утрымліваецца інфармацыя, абароненая аўтарскім правам – нават у тым выпадку, калі гаворка не ідзе аб наўмысных дзеяньнях ўладальніка сайта. Фармулёўкі дакумэнта выклікалі рэзкую крытыку кіроўных інтэрнэт-кампаніяў. Англамоўны сайт інтэрнэт-энцыкляпэдыі Wikipedia на знак пратэсту на суткі спыніў сваю працу.

У пятніцу ў ЗША быў зачынены файлаабменны сэрвіс Megaupload; сем чалавек абвінавачваюцца ў парушэньні аўтарскіх правоў. Гэтую справу называюць найбуйнейшым у гісторыі краіны разглядам у сувязі з падобнымі абвінавачаньнямі.

У адказ на дзеяньні ўладаў хакерская група Anonymous атакавала сайты Міністэрства юстыцыі і іншых урадавых ведамстваў, а таксама Асацыяцыі кінематаграфістаў Амэрыкі і нацыянальнай Асацыяцыі гуказапісу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG