Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Якія пэрспэктывы абяцаных Аляксандрам Лукашэнкам палітычных рэформаў?


У інтэрвію кітайскім мэдыям Аляксандр Лукашэнка заявіў пра мадэрнізацыю палітычнай сыстэмы. Чаму раптам ён загаварыў пра рэформы? Каму і якія сыгналы дасылае беларускі кіраўнік? Якіх зьменаў можна чакаць?

Удзельнікі: намесьнік галоўнага рэдактара «Белгазеты» Віктар Марціновіч і палітычны аглядальнік газэты «Белорусы и рынок» Паўлюк Быкоўскі.

Чаму раптам ён загаварыў пра рэформы?


Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч: «Звычайна аўтарытарныя кіраўнікі зьвяртаюцца да рэформаў, калі прыпячэ. Пра што сьведчыць досьвед Расеі, Сырыі і інш. Лукашэнку ж, здаецца, нішто цяпер не падціскае. Народ на вуліцах не стаіць, апазыцыя паводзіць сябе ціха. Чаму раптам ён загаварыў пра рэформы?»

Віктар Марціновіч

Віктар Марціновіч

Віктар Марціновіч: «Няма ні эканамічных, ні палітычных чыньнікаў, якія б вымушалі Лукашэнку разважаць пра рэформы. Атрымаць заходнія крэдыты цяпер пэрспэктываў няма. Няма і натоўпаў на вуліцах, як у некаторых краінах.

Прычына такіх заяваў Лукашэнкі — больш эстэтычная. Ён хоча, каб наступным разам, калі ён будзе інаўгуравацца на пасаду прэзыдэнта, яго віншавалі з усіх краінаў і каб гэта выглядала ня так маркотна, як у 2011 годзе».

Паўлюк Быкоўскі

Паўлюк Быкоўскі

Паўлюк Быкоўскі: «Лукашэнка адрасаваў свой мэсыдж ня тым суразмоўцам, зь якімі ён гаварыў. Бо Кітай не крытыкуе адсутнасьць дэмакратыі ў Беларусі.

Найперш трэба згадаць, што грамадзкае аб’яднаньне „Белая Русь“ даўно хоча граць ролю кіроўнай партыі. Падаецца, што для палацавай палітыкі гэтае пытаньне выглядае насьпелым».


Якіх зьменаў можна чакаць?


Карбалевіч: «Калі паспрабаваць разабрацца, што меў на ўвазе Лукашэнка, то, сапраўды, першае, што ляжыць на паверхні, — гэта зьмены ў выбарчай сыстэме і, у зьвязку з гэтым, зьмены ў партыйнай сыстэме».

Марціновіч: «Лукашэнка падкрэсьліў, што галоўнае — нам трэба захаваць стабільнасьць у краіне. З гэтага вынікае, што ён разважаў не пра лібэральныя рэформы. Таму што лібэральныя рэформы, аслабленьне ціску на грамадзтва прывядуць да яшчэ мацнейшага выбуху, чым Плошча 2010 году.

Думаю, можна чакаць, што ў Беларусі, па кітайскім варыянце, будзе створана некалькі праўладных партый. Бо ў Кітаі ж, акрамя КПК, ёсьць і іншыя квазіпартыі.

Выбарчыя камісіі, як ва ўсім сьвеце, будуць фармавацца з прадстаўнікоў партый. Але ня так, як, напрыклад, у Францыі, а так, як у Кітаі. І гэта будзе выглядаць больш сучасна.

Другі момант. Парлямэнцкія выбары будуць праходзіць паводле прапарцыйнай сыстэмы. За пяць год гэтую партыйную сыстэму можна стварыць».

Быкоўскі: «Дасюль адзіны палітычны гулец не хацеў бачыць суб’ектаў нават зь ляяльных партый. Напрыклад, праўладная Камуністычная партыя Беларусі ня мае ўплыву на палітычныя рашэньні. У Палаце прадстаўнікоў няма фракцыяў, няма спрэчак на палітычнай плятформе.

Пэрспэктывы ператварэньня „Белай Русі“ ў партыю і пераход да прапарцыйнай выбарчай сыстэмы сьведчаць пра тое, што беларуская намэнклятура дасьпела да нейкай інстытуалізацыі. Яна хоча мець абарону ад няміласьці з боку Лукашэнкі. А „Белая Русь“ — гэта нейкі прафсаюз намэнклятуры, які тады будзе ўплываць на прыняцьце палітычных рашэньняў».
Патрэбна прынада для намэнклятуры, каб яна менш глядзела на магчымых іншых гаспадароў і заставалася больш вернай.

Карбалевіч: «Мне зразумела, навошта гэта патрэбна намэнклятуры. Але мне незразумела, навошта гэта патрэбна Лукашэнку. Навошта яму самому штучна ствараць сабе канкурэнта, ствараць нейкі новы цэнтар сілы, улады?»

Быкоўскі: «Магчыма, узьнікае неабходнасьць такім чынам матываваць намэнклятуру. Бо цяпер на беларускім полі як чыньнік уплыву зьяўляецца расейскі бізнэс. Таму патрэбна прынада для намэнклятуры, каб яна менш глядзела на магчымых іншых гаспадароў і заставалася больш вернай».

Карбалевіч: «Неяк цяжка ўявіць, зважаючы на характар Лукашэнкі, што ён добраахвотна пагодзіцца адмовіцца ад сталінскай мадэлі ўзаемадачыненьняў з намэнклятурай і перайсьці да мадэлі позьняга Брэжнева».

Каму і якія сыгналы дасылае беларускі кіраўнік?


Карбалевіч: «Хто адрасат пасланьня Лукашэнкі? Намэнклятура, як кажа сп. Быкоўскі, грамадзтва, Захад, Расея?»

Марціновіч: «Беларускае грамадзтва — гэта ня той суб’ект, які сваім маўклівым бязьдзеяньнем зможа вымусіць Лукашэнку рабіць рэформы. Тое самае і намэнклятура. Мы бачым, што шматгадовыя захады па стварэньні партыі ўлады блякуюцца Лукашэнкам. Яны ня маюць інструмэнтаў узьдзеяньня.

Тое ж можна сказаць і пра Захад, і пра Кітай. Расеі ж фіялетава, якой будзе палітычная сыстэма Беларусі. Больш за тое, чым горшая будзе сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі, тым лепш будзе расейскаму кіроўнаму тандэму. На гэтым тле яны будуць выглядаць дэмакратамі.

Увогуле, ці будзе тая рэформа? Бо я не магу сабе ўявіць, што ў Беларусі будуць выбары па прапарцыйнай сыстэме. Бо яна вымагае мноства палітычных суб’ектаў, якія ўдзельнічаюць у выбарах.

Калі ж рэформа адбудзецца, то яе рухальнай сілай будуць ня ўнутраныя ці вонкавыя фактары, а спроба эстэтызаваць рэжым, зрабіць яго больш сучасным і мадэрновым. Усе кажуць, што беларускай палітычнай сыстэме катастрафічна бракуе легітымнасьці. Гэты крызіс — хутчэй эстэтычны, чым палітычны. Бо мы ня бачым палітычных забурэньняў. Дык вось дзеля пераадоленьня гэтага крызісу і прапаноўваецца палітычная рэформа».

Эстэтыка і легітымнасьць


Карбалевіч: «Трохі складана сумясьціць эстэтыку і легітымнасьць. Але калі кіравацца вашай лёгікай, то ўзьнікае пытаньне: дзеля каго трэба эстэтызаваць палітычную сыстэму? Хто глядач, спажывец, ацэншчык гэтай эстэтыкі? Або Лукашэнка такі эстэт, што хоча ўпрыгожыць свой рэжым дзеля любові да мастацтва?»

Марціновіч: «Каб зразумець маю лёгіку, давайце ўзгадаем, што сёньняшнія бясхмарныя адносіны з Расеяй сфармаваныя пад уплывам расейскіх выбараў. І, паводле майго прагнозу, як толькі скончыцца ў Расеі выбарчая кампанія, у беларуска-расейскіх дачыненьнях пачнуцца канфлікты. І вось на такі выпадак Менску трэба мець запасны сцэнар паляпшэньня адносін з астатнім сьветам, каб адрадзіць зьнешнюю палітыку».
Распрацоўваецца сцэнар прыцягненьня эўрапейскіх крэдытаў пад ідэю лібэралізацыі выбарчага заканадаўства, адбудовы квазішматпартыйнай сыстэмы.

Карбалевіч: «То бок вы кажаце пра вонкавую легітымнасьць, пра прызнаньне права Лукашэнкі кіраваць Беларусьсю з боку нейкіх зьнешніх сілаў».

Марціновіч: «Так. Распрацоўваецца сцэнар прыцягненьня эўрапейскіх крэдытаў пад ідэю лібэралізацыі выбарчага заканадаўства, адбудовы квазішматпартыйнай сыстэмы. Якая будзе больш прыемная Захаду, чым цяперашняя».

Карбалевіч: «Ёсьць верагоднасьць, што ўсё гэта скончыцца размовамі. Памятаеце, як у жніўні пасьля сустрэчы зь міністрам замежных спраў Баўгарыі Младэнавым Лукашэнка заявіў пра круглы стол з палітычнымі апанэнтамі? А ўсё скончылася пшыкам. Ці не паўторыцца тое самае і цяпер? Бачыце, Лукашэнка адкладае рэформу на час пасьля выбараў у Палату прадстаўнікоў. То бок праз год. А там шмат чаго можа здарыцца».

Быкоўскі: «Сапраўды, гэта можа і ня мець ніякага працягу. Але хачу зьвярнуць увагу, што пераход да прапарцыйных выбараў не абавязкова будзе азначаць лібэралізацыю ці ўскладненьне палітычнай сыстэмы. У нечым, магчыма, гэта будзе спрашчэньне. Напрыклад, галасаваньне будзе адбывацца за адну партыю, а астатнія — у лепшым выпадку застануцца статыстамі. Невядома, якім можа быць бар’ер, каб партыі маглі прыняць удзел у выбарах. Зь іншага боку, рэформа, якая расьцягнецца на працяглы час, можа стаць добрай нагодай для ўступленьня ў нейкія зносіны з Захадам».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Яшчэ на гэтую тэму

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG