Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі будуць гнацца за ростам ВУП, курс даляра будзе расьці»


Яўген Прэйгерман
Яўген Прэйгерман

Інстытут Мінэканомікі прагназуе курс на ўзроўні 9 тысяч рублёў за даляр у канцы 2012 году. Пра гэта паведаміў намесьнік дырэктара навукова-дасьледчага эканамічнага інстытуту Міністэрства эканомікі Віктар Пінігін, выступаючы 20 студзеня на пасяджэньні рэспубліканскага клюбу дырэктараў у Менску. Пры якіх умовах, пры якой фінансава-эканамічнай палітыцы магчыма ажыцьцяўленьне такога прагнозу? Як замежныя чыньнікі будуць уплываць у гэтым годзе на фармаваньне курсу беларускага рубля? На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст, дырэктар па дасьледаваньнях Лібэральнага клюбу Яўген Прэйгерман.

Цыганкоў: «На думку некаторых эканамістаў, заявы ўлады пра тое, што даляр у канцы году можа каштаваць 9 тысяч рублёў, могуць адпавядаць рэальнасьці пры ўмовах правядзеньня пэўнай фінансава-эканамічнай палітыкі. Як бы вы ацанілі верагоднасьць такога прагнозу?»

Прэйгерман: «Хутчэй за ўсё, курс будзе большы. Але ж, сапраўды, ёсьць мэханізмы, каб утрымаць яго на ўзроўні 9 тысяч. Гэта запатрабуе ад ураду жорсткай макраэканамічнай палітыкі — не друкаваць пустыя грошы, скарачаць грашовую масу ў абароце ў эканоміцы.

Як мне здаецца, курсу 9 тысяч у канцы году мы не дачакаемся, калі, вядома, ён зноў ня будзе фармавацца нейкімі адміністратыўнымі захадамі. Бо тэмпы росту ВУП, якія закладзеныя на гэты год (5–5,5 працэнта), запатрабуюць друкаваньня новых грошай. Калі будуць гнацца за ростам ВУП, то, я думаю, даляр будзе каштаваць больш, чым заплянаваныя 9 тысяч».

Цыганкоў: «А як можна ацаніць уплыў замежных чыньнікаў? З аднаго боку, палепшыўся гандлёвы балянс, удалося дамовіцца з Расеяй па цане на газ, зь іншага боку — мала замежных інвэстыцыяў, не падобна, каб грошы мог даць МВФ. Што пераважыць — станоўчае ці адмоўнае?»
Калі будуць гнацца за ростам ВУП, то, я думаю, даляр будзе каштаваць больш, чым заплянаваныя 9 тысяч.

Прэйгерман: «Галоўнае ўсё ж — манэтарная палітыка ўладаў. Замежныя чыньнікі будуць граць меншую ролю. Іхняя роля можа ўзрасьці, калі ўлады захочуць зноў адміністратыўна ўсталёўваць курс і тады будуць для гэтага задзейнічаць золатавалютныя рэзэрвы.

Трэба таксама памятаць, што сёлета Беларусі трэба аддаваць даволі шмат замежных пазыкаў. Гэта 1,6 мільярда даляраў — дзяржаўныя пазыкі, і 6–7 мільярдаў — кансалідаваныя. Калі ж улічыць структуру беларускай эканомікі, дзе больш за 80 працэнтаў належыць дзяржаве, то нават камэрцыйныя пазыкі — гэта ў пэўным сэнсе дзяржаўныя.

Што да росту беларускага экспарту, то Ўсясьветны банк нядаўна апублікаваў даклад, у якім панізіў прагнозныя паказьнікі для ўсяго сьвету. Я не зьдзіўлюся, калі цягам году зьнізяцца шмат якія рынкі, куды Беларусь экспартуе».
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG