Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Малдаванская сырэна і італьянскі Тытанік»


Домніка Чэмартан

Домніка Чэмартан

Катастрофа круізнага лайнэра «Коста Канкордыя» каля заходняга ўзьбярэжжа Італіі 13 студзеня пачынае абрастаць пікантнымі дэталямі.

Перад тым, як судна наляцела на рыфы ды атрымала прабоіны, ад якіх часткова патапілася, яго капітана бачылі ў кампаніі маладой малдаўскай жанчыны, зь якой ён рамантычна вячэраў і піў віно ў шыкоўным рэстаране на караблі.

Жанчынай, зь якою вячэраў капітан Скетына, аказалася 25-гадовая малдаванка Домніка Чэмартан. Яна пяць гадоў працавала на лайнэры як стуардэса, але ў дзень фатальнага круізу была на борце як пасажырка. Паводле ейных словаў, ёй падаравалі экскурсію на лайнэры на дзень яе нараджэньня.

На борце «Косты Канкордыі» перад катастрофай было больш за 3 тысячы пасажыраў і больш за тысячу чалавек экіпажу. Колькасьць ахвяраў катастрофы дасягнула 11-ці чалавек, а 24 лічацца прапалымі бязь вестак. Як мы паведамлялі, катастрофу «Коста Канкордыі» перажылі трое грамадзян Беларусі. Яны страцілі ўсе дакумэнты і рэчы, але захавалі жыцьцё.

Капітан лайнэра Франчэска Скетына знаходзіцца пад хатнім арыштам, ён падазраецца ў тым, што скіраваў карабель занадта блізка да берагу, ды ў тым, што пакінуў судна ў бядзе не апошнім, як таго патрабуе марскі закон.

Домніка Чэмартан, якая дала шэраг інтэрвію малдаўскім і румынскім СМІ, запярэчыла, што капітан Скетына пакінуў карабель як адзін зь першых. Паводле яе, ён стаяў на капітанскім мастку і кіраваў эвакуацыяй пасажыраў з лайнэра, а яна стаяла побач зь ім. На пытаньне, што яна, пасажырка, рабіла на капітанскім мастку, Чэмартан адказала, што паколькі яна ведае пяць моваў, яна перакладала словы капітана, скіраваныя да пасажыраў.

Пакуль няма яснасьці ў справе адказнасьці капітана Франчэска Скетына за катастрофу даручанага яму карабля. Некаторыя СМІ паведамілі неўзабаве пасьля катастрофы, што капітан, які датэрмінова пакінуў судна, паводзіў сябе на беразе не зусім адэкватна. Ён нібыта сьцьвярджаў, што каардынуе зь берагу дзеяньні па выратаваньні пасажыраў, а ў нейкі момант заявіў, што насамрэч не пакідаў лайнэра, а назірае за падзеямі зь яго кармы.

Зьяўленьне Домнікі Чэмартан у паведамленьнях аб сьледзтве ў справе патапленьня «Коста Канкордыя» дадало нечаканай рамантычна-глямурнай прыправы да гэтай трагічнай гісторыі, якую адна румынская газэта ахарактарызавала загалоўкам «Малдаўская сырэна і італьянскі Тытанік».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG