Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куляшова ўратавалі Інтэрпол і дыппашпарт


Анатоль Куляшоў
Анатоль Куляшоў

20 студзеня завяршаецца візыт у штаб-кватэру Інтэрполу ў францускім Ліёне міністра ўнутраных спраў Беларусі Анатоля Куляшова.

Гэты візыт трапіў у мэдыі ў сувязі з тым, што адвакат Вільям Бурдон 19 студзеня падаў у францускі суд пазоў да міністра Куляшова. Адвакат лічыць, што француская паліцыя павінна неадкладна яго арыштаваць. Ці ўдасца Куляшову пазьбегнуць арышту?

Прадстаўнік амбасады Францыі ў Менску патлумачыў карэспандэнту «Свабоды», што амбасада ня можа камэнтаваць, як будуць дзейнічаць францускія ўлады ў сувязі з пазовам. Ніякіх дэпэш ён ня бачыў.

Дыплямат сказаў, што пра пазоў да Куляшова яму вядома з мэдыяў. На ягоны погляд, галоўнае, што Францыя, дзе месьціцца штаб-кватэра Інтэрпола, не магла ня выдаць візы міністру Куляшову і перашкаджаць прыезду прадстаўніка гэтай арганізацыі. І тут у Францыі «не было выбару, як паступаць», яна выканала свае міжнародныя абавязаньні. Таму ажыятаж вакол візыту Куляшова выкліканы тым, што людзі могуць гэтага ня ведаць. Францускі дыплямат параўнаў сытуацыю з той, калі ЗША выдалі візу прэзыдэнту Ірану, каб той наведаў штаб-кватэру ААН у Нью-Ёрку. Паводле дыплямата, міністар Куляшоў таксама мае дыпляматычны пашпарт. Разам з тым Куляшоў ня меў ніякіх кантактаў з афіцыйнымі асобамі Францыі.

Адвакат Вільям Бурдон лічыць, што сьледчыя абавязаныя высьветліць ступень удзелу міністра Анатоля Куляшова ў здушэньні выступленьняў апазыцыі ў сьнежні 2010 году і катаваньні арыштаваных. Ягоны пазоў, накіраваны ў францускі суд, тычыцца таксама кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Кіраўнік Свабоднага тэатру Мікалай Халезін, які мае дачыненьне да кампаніі Free Belarus Now патлумачыў:

Мікалай Халезін
Мікалай Халезін
«Адвакат дзейнічае паводле сыгналу кампаніі „Free Belarus Now“, каардынатар якой — Ірына Багданава, сястра Андрэя Саньнікава, і пры садзейнічаньні нашых адвакатаў McCue & Partners LLP. Яму прадстаўлены кейс, сабраны па Лукашэнку і яго набліжаных. На падставе гэтага кейсу французы мелі права яго арыштаваць. Але адмовіліся гэта рабіць з прычыны таго, што ў яго дыппашпарт і ён прыехаў на запрашэньне міжнароднай структуры. Нібыта Францыя ня мае да гэтага дачыненьня, бо офіс міжнароднай структуры знаходзіцца ў Францыі. Па гэтай справе тут не згуляла, але яно згуляе зь некім».

Андрэй Савіных
Андрэй Савіных
Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных на просьбу карэспандэнта «Свабоды» пракамэнтаваць сытуацыю вакол міністра ўнутраных спраў Анатоля Куляшова, якога сустрэў у Францыі пазоў, заявіў:

«Вы мне даруйце, але гэта ўсё даволі сумнеўная інфармацыя. І ніякай сытуацыі вакол Куляшова мы ня бачым».

Начальнік управы інфармацыі і грамадзкіх сувязяў МУС Канстанцін Шалькевіч паведаміў, што міністар Анатоль Куляшоў сёньня ўвечары вяртаецца ў Беларусь, але сустрэцца зь ім у аэрапорце журналісты ня змогуць. Ён дадаў, што на 18 гадзіну менскага часу міністар яшчэ ня будзе ў Менску. Таксама Шалькевіч нічога не паведаміў пра сёньняшнюю праграму міністра, бо яна зацьвярджаецца сакратарыятам Інтэрполу і любое яе разгалошваньне можна рабіць толькі са згоды гэтай арганізацыі.

«Міністар сёньня прыляціць у Менск. Камэнтаваць тое, што напісана ў інтэрнэце, нейкага адваката францускага, МУС ня будзе».

Натальля Радзіна
Натальля Радзіна
Палітычны ўцякач Натальля Радзіна, якая цяпер знаходзіцца ў Літве, адзначыла, што падача пазову на міністра Куляшова ў францускі суд — гэта правільны крок і беспрэцэдэнтны выпадак.

«Нават калі на гэты раз ня ўдасца арыштаваць Куляшова, то тое, што адбылося — гэта сьведчыць пра тое, што беларускія чыноўнікі сёньня, хаўрусьнікі Лукашэнкі, якія бяруць удзел у рэпрэсіях, — гэта міжнародныя злачынцы. Пытаньне ў тым, што трэба шукаць мэханізмы, каб яны панесьлі пакараньне за тое, што робяць. Але тое, што яны цяпер будуць асьцерагацца езьдзіць па сьвеце, і тое, што яны цяпер зьяўляюцца міжнароднымі злачынцамі, гэта факт».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG