Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швэдзкаму палітыку Ларсу-Овэ Янсану беларуская амбасада ў Стакгольме адмовіла ў выдачы беларускай візы.

Сябра сацыял-дэмакратычнай працоўнай партыі Швэцыі, дэпутат мясцовага парлямэнту зямлі Вэрмлянд меўся наведаць Берасьцейшчыну.

Палітык плянаваў сустрэчы зь берасьцейскімі сацыял-дэмакратамі ў межах рэгіянальнага супрацоўніцтва партыйных арганізацый зямлі Вэрмлянд і Берасьцейскай вобласьці.

Кіраўнік Берасьцейскай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Маслоўскі выказвае пратэст супраць дзеяньняў беларускай амбасады ў Швэцыі:

«Ужо на працягу дзесяці год паміж нашымі партыямі існуе плённае супрацоўніцтва, мы абменьваемся вопытам, наведваем калегаў падчас працоўных паездак. У асноўным нашыя кантакты тычацца адукацыйнага і культурніцкага кірункаў. Таму рашэньне амбасады ў Стакгольме застаецца незразумелым. Лічым, што пазыцыя беларускай амбасады ў Швэцыі фармуе нэгатыўны вобраз Беларусі ў вачах міжнароднай супольнасьці і носіць дыскрымінацыйны характар у дачыненьні да швэдзкіх сацыял-дэмакратаў. На наш погляд, такія дзеяньні наносяць непасрэдную шкоду ўзаемаадносінам Швэцыі і Беларусі. Таму мы выбачаемся перад нашымі швэдзкімі калегамі і зьвяртаемся да Міністэрства замежных спраў Беларусі з прапановай выправіць гэтую сытуацыю і выбачыцца перад спадаром Ларсам-Овэ Янсанам».

Паводле ягоных слоў, нягледзячы на інцыдэнт, супрацоўніцтва паміж швэдзкімі і беларускімі сацыял-дэмакратамі працягнецца.

Палітык дадаў, што такія выпадкі здараліся і раней. У верасьні 2011 году былі ануляваныя візы цэлай дэлегацыі швэдзкіх сацыял-дэмакратаў, якія накіроўваліся ў Берасьцейскую вобласьць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG