Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Зьмітра Бандарэнкі — новыя праблемы са здароўем


20 студзеня да Андрэя Саньнікава пасьля працяглага перапынку пусьцілі адваката. Здароўе Зьмітра Бандарэнкі пагоршылася — да праблем са сьпінай дадалася хвароба сасудаў. Бацька Міколы Статкевіча атрымаў ліст ад сына, які віншуе яго з 85-годзьдзем. «Хіміку» Паўлу Севярынцу ўтрая паднялі плату за пражываньне ў спэцкамэндатуры.

20 студзеня адвакатка Марына Кавалеўская наведала ў калёніі «Віцьба-3» свайго падабароннага, экс-кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава.

Ён жывы, выглядае нармальна, трымаецца бадзёра. З памяшканьня камэрнага тыпу яго ўжо перавялі ў атрад. Ніводзін з 20 лістоў, якія Саньнікаў пісаў адвакатам, да іх не дайшоў. Амаль два з паловай месяцы адвакатаў не дапускалі да Саньнікава — ні ў Бабруйску, ні ў Віцебску.

Бацька Міколы Статкевіча Віктар Паўлавіч 19 студзеня, акурат у свой дзень народзінаў, атрымаў ад сына ліст, які той напісаў яшчэ ў Шклоўскай калёніі:

«Павіншаваў мяне з 85-годзьдзем. Ведаю, што яго перавялі ўжо ў Магілёўскую турму, ён знаходзіцца цяпер у ізаляцыі. Напісаць праўду пра сябе, як ён там, ня можа. Па-першае, таму што не прапусьцяць, а па-другое, яго яшчэ і пакараюць, як гэта было ў Шклове. Прычым каралі ўвесь атрад з-за яго. Так што нічога ён ня можа напісаць пра сябе... Я даведваюся зь ягоных лістоў толькі пра тое, што ён яшчэ жывы».

Вольга Бандарэнка больш за два тыдні таксама не атрымлівала лістоў ад Зьмітра Бандарэнкі. А ў пятніцу атрымала ажно тры запар. У Зьмітра яшчэ больш пагоршылася здароўе:

«Да праблем з хрыбетнікам дадаліся праблемы з сасудамі. Піша, што цэлы сьнежань галава расколвалася. Неяк яго там лечаць, нават уколы рабілі. Але ня надта дапамагае. Шчыра кажучы, мяне гэта хвалюе нават больш, чым сьпіна, таму што сьпіна — гэта боль і, магчыма, інваліднасьць, так, гэта страшна. Але сасуды і тромбы мяне больш непакояць...»

Доўгі час няма лістоў ні ад Зьмітра Дашкевіча, ні ад Эдуарда Лобава. Маці Лобава спадарыня Марына кажа:

«Ні лістоў, ні званкоў — нічога, наагул цішыня. Лістоў няма дакладна ўжо два тыдні, нават больш. Так што ніякіх навінаў».

Павал Севярынец, які адбывае свой тэрмін у спэцкамэндатуры на Пружаншчыне, распавёў, што ў «хімікаў» утрая ўзьнялася плата за жытло:

«Што тычыцца мяне, то новыя кошты асабліва і ня ўдарылі, таму што я зарабляю на складзе 1 мільён і яшчэ ў газэтах — для мяне гэта сума пад’ёмная, 340 тысяч у месяц магу заплаціць. З другога боку, 12 квадратных мэтраў пакойчык, 3 чалавекі плацяць па 340 тысяч — гэта больш за мільён. Без гарачай вады, іржавая, халодная, ацяпленьне тут абы-якое. Гэта, канечне, выклікае масу пытаньняў. Асабліва калі людзі зарабляюць па 400–500 тысяч, выплачваюць алімэнты, пазовы, і зь іх патрабуюць такую плату за камэндатуру — то тут настроі блізкія да рэвалюцыйных».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG