Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат Бурдон: Справа супраць Куляшова дакладная і пераканаўчая


Вільям Бурдон

Вільям Бурдон

Францускі адвакат Вільям Бурдон, які накіраваў пазоў на арышт міністра ўнутраных спраў Беларусі Анатоля Куляшова, даў інтэрвію Радыё Свабода.

«Брытанская юрыдычная кансалтынгавая фірма папрасіла майго супрацоўніцтва ў гэтай справе, у сувязі з прысутнасьцю міністра ўнутраных спраў у Ліёне", – сказаў Вільям Бурдон нашаму карэспандэнту.

«Канвэнцыя ААН, прынятая 10 сьнежня 1984 году - так званая Нью-Ёрская канвэнцыя супраць катаваньняў – абавязвае дзяржавы, якія яе ратыфікавалі, у тым ліку і Францыю, арыштоўваць падазраваных у катаваньнях, калі яны знаходзяцца на іх тэрыторыі. Гэта якраз сытуацыя, у якой знаходзіцца міністар».

Бурдон патлумачыў, што брытанскія юрысты зьвязаліся зь ім у другой палове дня ў сераду. «Пазоў быў пададзены ў чацьвер у 10.30. Больш хутка зрабіць гэта было цяжка. Справа знаходзіцца ў руках парыскага суда пачынаючы з раніцы чацьвярга. У мяне няма інфармацыі, што парыскі суд абавязаў затрымаць міністра і дапытаць».

Датычна абгрунтаванасьці перададзенага ў суд пазову адвакат кажа наступнае: «Справа вельмі добра дакумэнтаваная, надзвычай дакладная, з абсалютна пераканаўчымі доказамі. Яна не пакідае сумненьняў у тым, што міністар унутраных спраў зьяўляецца асноўнай асобай, адказнай за арганізацыю катаваньняў ў адносінах да апанэнтаў у Беларусі».

Гаворачы пра пэрспэктывы судовага перасьледу міністра Куляшова, Уільям Бурдон адзначыў:

«Барацьба з беспакаранасьцю зьяўляецца вялікай праблемай для міжнароднай супольнасьці. Юстыцыя набывае глябальныя маштабы. Некаторыя краіны гэтаму не падпарадкоўваюцца, і таму доступ да францусккай судовай сыстэмы, ўлічваючы, што Францыя прызнала Нью-Ёрскую канвэнцыю супраць катаваньняў, дае ахвярам спосаб атрымаць доступ да правасудзьдзя і надзею, што асобы, адказныя за злачынствы, трапяць пад суд. Гэта патрабуе палітычнай волі. Патрэбна прымяніць тэхнічныя сродкі для перахопу гэтых падазраваных. Я глыбока шкадую з прычыны ваганьняў парыскага суда, які не рэагуе з той хуткасьцю, якой вымагае сытуацыя».

Брытанская Фірма McCue and Partners, прадстаўляе інтарэсы ахвяраў перасьледу з боку беларускага рэжыму, іх сем’і і грамадзянскую ініцыятыву Free Belarus Now.

Вільям Бурдон (1956) – францускі адвакат, спэцыяліст у крымінальным праве, спэцыялізуецца ў абароне ахвяраў глябалізацыі і злачынстваў супраць чалавечнасьці. Праўнук Эдуара Мішлена, заснавальніка кампаніі «Мішлен».

Сам сябе характарызуе як «абаронца правоў чалавека». У 1995-2000 генэральны сакратар Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека. Абараняў кітайскіх дысыдэнтаў, ахвяраў генацыду ў Руандзе, актывістаў сацыяльнага змаганьня, ваяўнікоў леварадыкальных рухаў, зьняволеных турмы ў Гуантанама, браў удзел у справе супраць Піначэта.


Гл.таксама:
Брытанскія юрысты пачынаюць глябальны перасьлед Лукашэнкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG