Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША зноў заклікаюць Беларусь спыніць рэпрэсіі


Амбасадар ЗША ў АБСЭ Іэн Кэлі выказаў на пасяджэньні Сталага камітэту арганізацыі ў Вене заклапочанасьць парушэньнямі правоў чалавека ў Беларусі.

«Злучаныя Штаты па-ранейшаму адчуваюць глыбокую заклапочанасьць з прычыны сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека і асноўных свабодаў у Беларусі, якія ідуць насуперак зь яе абавязаньнямі ў рамках АБСЭ.

Мы па-ранейшаму глыбока заклапочаныя абыходжаньнем, якое зазнаюць у Беларусі палітычныя зьняволеныя. Адзначаем, што адвакату і членам сям’і былога кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава не даюць зь ім спатканьня прынамсі з 8 лістапада. Мы таксама заклапочаныя тым, што былы кандыдат у прэзыдэнты Мікалай Статкевіч адбывае трохгадовы тэрмін зьняволеньня ў турме закрытага рэжыму, да якога ён быў прысуджаны на закрытым судовым пасяджэньні. 14 студзеня Статкевіч быў зьмешчаны ў адзіночную камэру на 10 сутак за «парушэньне рэжыму адбыцьця пакараньня».

Мы глыбока заклапочаныя працягам перасьледу і затрыманьняў незалежных журналістаў. Журналіст тэлеканалу «Белсат» Аляксандар Баразенка быў асуджаны на 11 сутак турэмнага зьняволеньня за спробу зьняць акцыю пратэсту, праведзеную 8 студзеня дэманстрантам-адзіночкай ля будынка КДБ. Адвакату спадара Баразенкі было адмоўлена ў тым, каб наведаць ягонага падабароннага ў зьняволеньні. Мы далучаемся да прадстаўніка АБСЭ па пытаньнях свабоды СМІ, які асудзіў гэтыя дзеяньні ўладаў. Мы заклікаем урад дазволіць прадстаўніку АБСЭ па пытаньнях свабоды СМІ зьдзейсьніць доўгачаканы візыт у Беларусь.

Мы заклапочаныя тым, што новае заканадаўства можа яшчэ больш абмежаваць у Беларусі свабодны паток інфармацыі ў інтэрнэце. Папраўка, прынятая 6 студзеня, прадугледжвае новыя адміністрацыйныя пакараньні для камэрцыйных прадпрыемстваў, якія парушаюць указ прэзыдэнта «Аб мерах па ўдасканаленьні выкарыстаньня нацыянальнага сэгмэнту сеткі Інтэрнэт». Палажэньні гэтага ўказу разам зь нядаўнімі заканадаўчымі папраўкамі, якія крыміналізавалі фінансаваньне дзейнасьці НДА з замежных крыніц, могуць толькі яшчэ больш скаваць дзейнасьць грамадзянскай супольнасьці і палітычны дыскурс у Беларусі.

Мы зноў заклікаем Беларусь неадкладна вызваліць усіх палітычных зьняволеных, рэабілітаваць іх без папярэдніх умоў і спыніць перасьлед прадстаўнікоў апазыцыі, членаў іх сем’яў і грамадзянскай супольнасьці, у тым ліку праваабаронцаў, незалежных журналістаў, адвакатаў і студэнтаў", — заявіў амбасадар Кэлі.

Ён нагадаў, што 3 студзеня 2011 году прэзыдэнт Абама падпісаў Закон аб дэмакратыі і правах чалавека ў Беларусі. У гэтым законе падкрэсьліваецца, што асобы, якія маюць дачыненьне да парушэньняў правоў чалавека, у тым ліку зьдзейсьненых у сувязі з прэзыдэнцкімі выбарамі 19 сьнежня 2010 году, падлягаюць санкцыям.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG