Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына абяцае запрасіць міжнародных назіральнікаў


Лідзія Ярмошына

Лідзія Ярмошына

Разам з тым старшыня ЦВК зазначыла, што лібэралізацыі выбарчага заканадаўства ня будзе.

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына лічыць, што Беларусь не адмовіцца ад практыкі запрашэньня міжнародных назіральнікаў за ходам выбарчых кампаній. Такое меркаваньне яна выказала ў інтэрвію тэлеканалу «Беларусь 1».

«Беларусь заўсёды сьвята выконвае свае абавязацельствы, у тым ліку і перад АБСЭ. Калі наша краіна далучылася да Капэнгагенскага пагадненьня, у якім сказана, што любая дзяржава мяркуе, што ўдзел міжнародных назіральнікаў павышае прэстыж выбараў, то я думаю, што мы абавязкова будзем запрашаць назіральнікаў як з Захаду, так і з Усходу», — сказала кіраўніца ЦВК.

Разам з тым Ярмошына не выключае, што іх колькасьць будзе паменшана:

«Мы ж ніколі не абмяжоўвалі колькасьць назіральнікаў, у нас іх было бязьмежна шмат. Паглядзіце, у Расеі — такой велізарнай дзяржаве, на парлямэнцкіх выбарах былі 300 назіральнікаў ад АБСЭ, і яны лічаць, што гэта нямала. А ў нас — 600 на выбарах прэзыдэнта. Хоць мы тэрытарыяльна ня больш чым Маскоўская вобласьць».

Закранаючы патрабаваньні эўрапейскіх экспэртаў аб лібэралізацыі беларускага выбарчага заканадаўства, Лідзія Ярмошына падкрэсьліла, што беларускі бок на 90% выканаў гэтыя ўмовы:

«Можа быць, апошняе, што ў нас яшчэ не выканана, — нельга вынікі выбараў абскардзіць у суд, то бок рашэньне ЦВК зьяўляецца канчатковым. Але мы ідзем на гэта сьвядома, у сілу таго, што выбары — вельмі складаны палітычны працэс, ён уплывае на палітычную абстаноўку ў краіне, і кропка на іх павінна быць пастаўлена досыць хутка і эфэктыўна. Судовыя працэсы могуць прывесьці да таго, што пасьля выбараў у расплывістым аморфным стане будзе знаходзіцца ўся палітычная сыстэма, а гэта на шкоду любой дзяржаве і грамадзтву. Што ж тычыцца падліку галасоў, то ў нас у законе наўпрост сказана, што падчас падліку маюць права прысутнічаць і назіральнікі, і журналісты, ды і самі кандыдаты на выбарныя пасады. Што яшчэ? Дазволіць ім самім пералічваць бюлетэні? Але яны і ў іншых дзяржавах гэтага ня робяць!»
XS
SM
MD
LG