Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабарончая арганізацыя Freedom House распаўсюдзіла справаздачу пра стан свабоды ў сьвеце ў 2011 годзе. Для нашага радыё гэты матэрыял камэнтуе старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак.

Соўсь: Беларусь, як і паводле леташняга дакладу, застаецца сярод несвабодных краінаў. Такая ацэнка Freedom House для беларускіх праваабронцаў ня ёсьць нечаканай. Калі параўноўваць сытуацыю са станам свабоды ў Беларусі ў розныя гады, то ў якія гады яна была найгоршай?

Гулак: Калі мы гаворым пра сучасную, незалежную Беларусь, то, відаць, пэўныя паралелі можна правесьці з канцом 90-х, калі адбывалася зьнікненьне людзей, але такой сыстэмна цяжкай сытуацыі з правамі чалавека тады, можа, і не было. Магчыма, цяпер яна самая цяжкая.

Соўсь: Аўтарытарныя рэжымы сталі звыклымі на постсавецкай прасторы, асабліва ў яе азіяцкай частцы. Чым сытуацыя ў Беларусі адрозьніваецца ад іх?

Гулак: Перш за ўсё, розьніца ў тым, што Беларусь — гэта эўрапейская краіна. Калі нават параўноўваць з Казахстанам, там вельмі моцна праяўляюцца асаблівасьці азіяцкага складу жыцьця: чынапачытаньне традыцыйна моцнай улады. І ў гэтым сэнсе спэцыфіка Беларусі відавочная. У нас спалучаецца эўрапейскасьць краіны, эўрапейскасьць народу, але пры гэтым — аўтарытарная сыстэма кіраваньня.

Мы бачым працэс кансалідацыі недэмакратычных рэжымаў на постсавецкай прасторы і гэта сур'ёзны выклік, на які Эўропа пакуль ня мае адказу.

Соўсь: Пасьля арышту Алеся Бяляцкага як бы вы ахарактарызавалі той стан, у якім цяпер знаходзіцца праваабарончы рух Беларусі? Што ён страціў і што здабыў за апошні год?

Гулак: Перш за ўсё, страцілася разуменьне таго, што праваабаронцы могуць увогуле быць карыснымі для дзяржавы, для грамадзтва. Гэтае разуменьне з боку дзяржаўных структур, якое недзе там цеплілася і існавала, зараз яно, на жаль, калі не адсутнічае цалкам, дык у вельмі вялікім загоне. А гэта значыць, што нашы магчымасьці ўплываць на паляпшэньне сытуацыі вельмі істотна абмежаваныя. Фактычна праваабарону цяпер зводзяць да функцыі хуткай дапамогі, а гэта ўсё ж толькі адна функцыя праваабароны. Іншым цяпер займацца вельмі складана, бо надта палітызаванае гэтае пытаньне. І варожасьць ва ўспрыманьні з боку дзяржаўных структур. А што набылі? Большую кансалідацыю сэктара, большае разуменьне адзін аднаго і разуменьне, што нам трэба быць разам.

Цалкам гутарку можна слухаць тут:

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG