Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзень цемры» на Вікіпэдыі даў першыя вынікі


Шэсьць амэрыканскіх сэнатараў адклікалі сваю падтрымку для законапраекту, супраць якога пратэставала ангельскамоўная Wikipedia.

18 студзеня ангельская вэрсія Вікіпэдыі абвясьціла «Дзень цемры», закрыўшы сайт на 24 гадзіны на знак пратэсту супраць законапраектаў «Закон аб спыненьні онлайн-пірацтва» («Stop Online Piracy Act» — SOPA) і «Закон аб абароне інтэлектуальнай уласнасьці» («Protect IP Act» — PIPA), якія знаходзяцца на разглядзе Кангрэсу ЗША.

Банэры з падтрымкай акцыі пратэсту зьмясьцілі і іншыя вэрсіі Вікіпэдыі ды некаторыя папулярныя міжнародныя сайты, напрыклад Google.

Апанэнты згаданых законапраектаў лічаць, што змаганьне зь пірацтвам у інтэрнэце, якое зьяўляецца мэтай гэтай заканадаўчай ініцыятывы, можа значна абмежаваць свабоду і ўвесьці своеасаблівую цэнзуру ў сусьветным сеціве.

«Крадзёж кантэнту — гэта проста злачынства, але засьцярогі адносна ненаўмыснай шкоды для інтэрнэту і для інавацыі ў тэхналягічным сэктары патрабуюць больш уважлівага і ўраўнаважанага разгляду, які зойме больш часу» — сказаў сэнатар Джон Корнін з Тэхасу, заяўляючы аб адкліканьні сваёй падтрымкі для законапраекту PIPA. Разам зь ім сваю падтрымку забралі пяць іншых сэнатараў, у іх ліку спонсар законапраекту PIPA Марка Рубіё з Флярыды.

Раней Белы дом таксама заявіў, што прэзыдэнт не падтрымае «законапраект, які абмяжоўвае свабоду выказваньняў, павышае ўзровень рызыкі ў кібэрпрасторы або падрывае дынамічны, інавацыйны глябальны інтэрнэт».
XS
SM
MD
LG