Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Фядута. Ліст польскаму сябру


Аляксандар Фядута

Аляксандар Фядута

У сваім блогу ў «Жывым часопісе» публіцыст Аляксандар Фядута зьвярнуўся да рэдактара польскай «Газэты выборчай» Адама Міхніка.

Дарагі Адам!

Я прачытаў тваю перапіску зь Віктарам Гайсёнкам, які чамусьці лічыцца паслом Рэспублікі Беларусь.

Я вельмі рады, што ты зразумеў усё правільна. Існуе працэдура ўручэньня даверчых грамат. Гайсёнак уручыў граматы, падпісаныя Аляксандрам Лукашэнкам. Яго ён і прадстаўляе. І больш у гэтым выпадку нікога.

Ён не прадстаўляе старога Васіля Старавойтава – шматгадовага кіраўніка найлепшай сялянскай гаспадаркі Беларусі, які двойчы атрымаў званьне Героя працы – а сялянам яно нават у савецкія часы давалася ня проста так. Старога, усё жыцьцё працаваў для людзей, пасадзілі на судзе ў клетку, каб зганьбіць. Але зганьбіць не змаглі. І калі ён выйшаў з турмы, адседзеўшы свой тэрмін, сяляне яго былога калгасу падыходзілі да яго і перапрашалі – за сваю ўласную баязьлівасьць і за подласьць улады, якая асудзіла старога.

Ён не прадстаўляе маленькага Даніка Саньнікава, якому тата піша казкі з турмы, дзе апынуўся толькі таму, што адважыўся выступіць кандыдатам на выбарах прэзыдэнта – што ўжо само па сабе ў нашай краіне можна разглядаць як злачынства. А Данік жа ведае яшчэ і тое, што такое КДБ – і што загадчыца дзіцячага садка можа паспрабаваць не аддаць яго роднай бабулі, бо мама ў гэты час таксама знаходзілася ў турме – як жонка свайго мужа і як журналістка, якая займае пасьлядоўную грамадзянскую пазыцыю.

Ён не прадстаўляе Зінаіду Ганчар, у якой у 1999 годзе скралі мужа, Віктара, – самага яркага з апазыцыйных палітыкаў, і з тых часоў Зінаіда ня можа дамагчыся праўды пра яго лёс. Хоць навошта дамагацца, калі ўсе ўсё ведаюць аб тым, якім сілам і навошта было важнае зьнікненьне Віктара Ганчара напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году.

Ён не прадстаўляе свайго настаўніка, прафэсара Станіслава Шушкевіча, які атрымлівае самую маленькую пэнсію ў сьвеце як былы кіраўнік дзяржавы. Гэтая пэнсія сёньня ў тры разы меншая за адзін (sic!) даляр.

Ён не прадстаўляе народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава і тых 105000 чалавек, якія паставілі подпісы за тое, каб у беларускай сталіцы была ўвекавечаная памяць самага вядомага беларускага пісьменьніка ХХ стагодзьдзя – а ўлада адмахнулася ад гэтых ста пяці тысяч подпісаў. Адам, ты ўяўляеш сабе ўлады Варшавы, якія адмахнуліся б ад ста пяці тысяч выбаршчыкаў? Думаю, табе сёньня такое ў страшным сьне не прысьнілася б.

Але самае галоўнае, Адам, – і ў гэтым прычына тваіх зь ім разыходжаньняў. Віктар Гайсёнак не прадстаўляе і ўсіх беларускіх выбаршчыкаў – проста таму, што беларусы пазбаўленыя права на выбар. А ты – рэдактар «Газэты выборчай», газэты выбаршчыкаў. Ты гэта адрозьненьне бачыш і адчуваеш.

Я не магу прасіць прабачэньня ў цябе за паводзіны пасла, які прадстаўляе Аляксандра Лукашэнку. Ён прадстаўляе Лукашэнку, але не прадстаўляе мяне. Але я ўдзячны табе за тое, што меркаваньне прафэсара Віктара Гайсёнка ў тваіх вачах значыць роўна столькі, колькі яно значыць насамрэч. Ня больш.

Твой сябра Аляксандар Фядута

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG