Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску чатыры гадзіны дапытвалі жонку Каваленкі


Алена і Сяргей Каваленкі, архіўнае фота.

Алена і Сяргей Каваленкі, архіўнае фота.

Алена Каваленка апавяла, што сёньня яе дапыталі па крымінальнай справе мужа. Допыт доўжыўся чатыры гадзіны.

«Сьледчага цікавіла, на якіх аб’ектах працаваў Сяргей, чаму мы жывем зь ягонай маці, а не асобна. Пыталіся і пра тыя інцыдэнты, за якія завялі справу: пра выхад зь бел-чырвона-белым сьцягам 24 сакавіка, пра спазьненьне дахаты, калі мы зь ім разам былі ў пракуратуры. Патыўся сьледчы шмат, а запісаў у пратакол зусім ня так, як я гаварыла. Потым я запатрабавала, каб усё было выпраўлена».

У СІЗА Алена Каваленка зноў пыталася пра стан здароўя мужа. Яна кажа, што начальнік мэдсанчасткі быў нешматслоўны — зноў не паведаміў падрабязнасьцяў пра прымусовае кармленьне, толькі сказаў, што стан зьняволенага «здавальняючы», і што пераводу ў шпіталь ён не вымагае.

Аднапартыйцы з КХП БНФ падалі ў сьледчы камітэт заяву, што просяць выпусьціць Сяргея Каваленку пад грашовы заклад, паведаміла Алена Каваленка. З падобнай просьбай некалькі дзён таму ў віцебскі сьледчы камітэт зьвярталася і яна сама. Адказу ёй яшчэ не далі.

Сяргей Каваленка знаходзіцца ў СІЗА з 22 сьнежня. На знак пратэсту супраць крымінальнага абвінавачаньня ён распачаў галадоўку пратэсту, якую афіцыйна не спыніў, хаця ў СІЗА яго пачалі карміць праз зонд, прымусова.

Актывіста вінавацяць у парушэньні рэжыму адбываньня «хатняй хіміі» — пакараньня, прысуджанага яму ў 2010 годзе за ўзьняты на гарадзкой ёлцы бел-чырвона-белы сьцяг.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG