Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стэрэатыпы, газэтныя штампы, шаблённыя думкі, навязьлівыя паўторы вусача ў «яшчыку». Беларусы, яны якія? Рахманыя, памяркоўныя… Тфу! Як пазбыцца? Ужыць прыём адмаўленьня: непамяркоўныя, неталерантныя? Але якія тады? Што яны самі думаюць пра сябе, ці разумеюць – хто яны такія, ці ва ўласнай душы як упоцемку? Беларус – гэта гучыць горда, ці – сарамліва? – «выбачайце, калі ласка».

Краіна ў гіпсе, не паварушыцца, наш ідэал, непарушнасьць па-беларуску. Галоўнае – зафіксаваць усе вывіхі, спадчыну савецкай улады. Беларус у люстэрку звычайна аслупянелы, паменш эмоцый, каб ня выдаць сябе. Нават калі пратэставаць раптам, то моўчкі, каб незаўважна, каб не зьвяртаць увагі. Але моўчкі дазволена толькі маўчаць, не выказваць пачуцьцяў, тым больш пратэстных.

Дарагія мае землякі


Бадай любога пісьменьніка наведвае часам думка: гэх, напісаць бы пра сваіх землякоў – якія яны ёсьць, разабраць па костках! Але тут жа і пераканаецца, што цяжка, цяжка гэта вельмі. Так, ведаем прыклады замежныя: адныя з гумарам, але павярхоўна пішуць пра свой народ, іншыя капаюць глыбей.

Пра канадцаў нейк чытаў кніжку, аўтар зрабіў сабе палёгку: падзяліў на разьдзелы – насельніцтва, эканоміка, валюта. Але мне запомнілася толькі назва «Як быць канадцам». Што праўда, у іншага аўтара знайшоў цікавую думку пра Канаду троху ранейшага часу: «У калёніі няма душэўных сілаў узьняцца над штодзённасьцю, ёй не хапае энэргіі таму, што яна ня верыць у сябе па-сапраўднаму». Ці не пра нас гэта?

Нядрэнны прыклад «Ангельцы» Орвэла. Праўда, яму дапамог ваенны час, калі ўсё робіцца больш кантрасным. Але мы мелі год апошні, лічы, халоднай унутранай вайны, таксама пачуцьці былі абвостраныя… Калі люфтвафэ бамбавала Лёндан, улады спрабавалі перашкодзіць жыхарам выкарыстоўваць мэтро як бомбасховішча. «У адказ лёнданцы ня сталі ламаць дзьверы і браць станцыі штурмам», пісаў Орвэл, яны проста куплялі квіткі…

Калі ў Менску здараюцца масавыя акцыі пратэсту, у мэтро не пускаюць, а цягнікі не спыняюцца. Калі здарылася аднойчы залева з маланкамі, беларусы затапталі ў мэтро адны адных, каб не прамокнуць. Станцыю мэтро могуць проста закрыць, напрыклад, дзеля інаўгурацыі для ўнутранага ўжытку. Няважна, што ў тысячаў пасажыраў узьнікнуць нязручнасьці. Яны –статысты, якіх нават ня выпусьцілі на паверхню.

Хоць добра вядомы брытанскі гербавы леў, а таксама пры ім мітычны адзінарог, мноства ангельцаў сваім нацыянальным сымбалем лічаць бульдога, як зазначаў пісьменьнік, «жывёлу, што вылучаецца ўпартасьцю, пачварствам і непрабіўным глупствам». Ідзіце спытайце беларусаў: каго яны назавуць сваім сымбалем? Я пытаўся. Ясна, птушку з эмблемы сталічнага гарэлачнага заводу. Болей фантазіі не хапае. А было б цікава: ці не адчуваюць яны сябе, калі разважыць, кабаном, якога супольна гадуюць і на шматок сала кожны спадзяецца? Зразумела, каўбасы прызначаныя высокаму начальству, астатнім не забаронена разьлічваць на крывянку, капыты на халадзец, калі маеш сякую-такую пасаду, то й на шчыкавіну, лыч, тваю частку галавізны, словам.

Уласна начальства зводзіць беларусаў да ўзроўню расьліны. Адчуць сябе мужным рыцарам на кані забаронена пад пагрозай турмы, трэба пляскаць гербу з кветкамі бульбы, канопляў, каласоў пад сярпом ягоным. Калі што памыліў, я не батанік.

Рукі апускаюцца


Рэальна нас, беларусаў, трымаюць за лябараторных шчурак, з намі робяць экспэрымэнты ў ізаляваным памяшканьні. Сваю справу ведаюць: туды ня суйся, пстрыкне, сюды ня лезь – абпаліць. Гэта тэлевізар, а гэта – кармушка, там – варштат працы, а тут – скрынка для бюлетэняў, усё пад рукой, радуйся!

Дзеяньне свайго фантасмагарычнага раману «1984» Орвэл зьмясьціў у Лёндане, хаця сам ён быў перакананы, што ў Англіі «ўзьнікненьня сапраўды таталітарнай атмасфэры, у якой дзяржава імкнецца кантраляваць ня толькі словы, але й думкі людзей», уявіць немагчыма. «Сьвет стаміўся ад хаосу і стаміўся ад дыктатураў», з нагоды чаго пісьменьнік лічыў, што ангельцы здольныя знайсьці выйсьце, каб пазьбегчы і першага і другога. Напэўна, ён меў рацыю, бо ангельцы ўсьведамлялі сябе нацыяй. Беларусам гэтага заўжды бракавала. Яны таксама стаміліся, але не прызнаюцца.

Мой прыяцель з брытанскім пашпартам ня раз казаў: беларусы нагадваюць ангельцаў, якія апынуліся ў недэмакратычных умовах. Напэўна мае рацыю, адзінае, што ўсьведамленьне сябе годным народам у нас накшталт рудымэнту, нібы ў наяўнасьці, але адмерла. Пакратаеш – нічога не адчуеш. Хацелася б думаць, што мы проста адляжалі яго ў сваім летаргічным нацыянальным сьне ці адседзелі каля тэлевізара – вось-вось голкі адчуюцца, прыліе кроў і ворган наш стане нармальным, пачне выконваць сваю функцыю…

Імрэ Кэртэш, будучы Нобэлеўскі ляўрэат, у 1980-м атрымаў літаратурную стыпэндыю ГДР. У яго засталося ўражаньне прыніжанай праз саміх немцаў краіны: «Ніякай салідарнасьці. Нямецкая здольнасьць прыстасавацца. Выглядае на тое, што яны цалкам атаясамліваюць сябе са сваёй сытуацыяй. І да гэтага ўсяго яшчэ якісьці нечаканы, правінцыйны бядапатрыятызм, патрыятызм ГДР. Рукі апускаюцца».

Чытаеш гэта, нібыта пра нас, беларусаў, напісана сёньняшніх. Толькі няма, няма побач Заходнебеларускай Дэмакратычнай Рэспублікі і не прадбачыцца тым больш беларускага Гэльмута Коля, так што шанцаў у нас, лічы, ніякіх. І сьцяна наша бэрлінская, на жаль, гэта ўсяго толькі «лінія Сталіна», якая падзяляе надвая нас саміх, нашы душы, нашы сэрцы, а ня дзьве беларускія дзяржавы.

Абы не было вайны


Прыслухайцеся на вуліцы – то адзін, то другі мармыча – «абы не было вайны». Вочы ўтрапёныя, зацятыя, часам каламутныя. Якой вайны яны баяцца: ірацкай, блізкаўсходняй? Я пытаўся: адказы няўцямныя. Хутчэй вайна ў галовах працягваецца, я сам вочы заплюшчу, бачу ўрыўкі чорна-белыя, фільмы савецкія «пра нашых і немцаў» і нікуды бязь іх.

Тры кіты як апірышча ў душы павінны прысутнічаць заўжды, мяняюцца толькі, калі палітычны рэжым набывае іншую афарбоўку. Замест «праваслаўя, самадзяржаўя…» сёньня «Гітлер капут, Сталін гут, стабільнасьць!» Словам, далі прыпаліць ворагу, порах самі трымаем сухім. А як расшыфраваць стабільнасьць? Гэта трэба галаву паламаць, каб у чужой разабрацца. Стабільнасьць, братка, гэта пастаянны партрэт у тэлевізары замест калектыўнага Палітбюро. Гэта цэны на месцы (што летась было беспардонна парушана, але тым больш саладзейшым стаў ідэал). Нарэшце стабільнасьць нашая, гэта выбары – «галасуй не галасуй».

Абы нічога ня зрушылася.
XS
SM
MD
LG