Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адам Міхнік амбасадару Беларусі: Вы зразумелі мяне правільна


Адам Міхнік

Адам Міхнік

Gazeta Wyborcza апублікавала ліст амбасадара Беларусі ў Польшчы Віктара Гайсёнка галоўнаму рэдактару гэтага выданьня, Адаму Міхніку, і адказ Міхніка Гайсёнку --> http://wyborcza.pl/1,86672,10943231,Ambasador_Bialorusi_pisze_do_Michnika__Michnik_odpowiada.html .

Гайсёнак напісаў:

«Амбасада Рэспублікі Беларусь у Польскай Рэчы Паспалітай зноў выказвае занепакоенасьць з прычыны чарговых публікацый у „Газэце Выборчай“, якія маюць на мэце стварыць адмоўны вобраз нашай краіны і яе кіраўніцтва.

У прыватнасьці мы зьвяртаем увагу на Ваш камэнтар за 27 сьнежня „Расея зноў зьдзівіла сьвет“, які зьмяшчае абразьлівыя ў адносінах да Беларусі сьцьверджаньні.

Мы таксама зьвяртаем увагу, што такая практыка, якая зьневажае пачуцьці і годнасьць грамадзянаў Беларусі, не спрыяе фармаваньню паразуменьня і ўзаемна карыснага супрацоўніцтва між нашымі краінамі. Мы рашуча пратэстуем супраць падобнай практыкі, якая падмяняе свабоду слова і незалежнасьць СМІ ўсёдазволенасьцю і яўнай непавагай да ўсіх этычных нормаў».


У згаданым камэнтары за 27 сьнежня 2011 Адам Міхнік, пішучы аб пасьлявыбарчых пратэстах у Расеі, адным сказам згадаў Беларусь: «Ня веру, што Расея схоча ісьці сьледам дзяржавы Лукашэнкі, дэспата і псыхапата, які зьдзекуецца зь беларускага народу».

Міхнік адказаў Гайсёнку:

«Сардэчна дзякую за ліст, у якім вы выказваеце занепакоенасьць. Мне Ваш ліст прынёс супакаеньне.

Я супакоіўся, бачачы, што рэакцыя „Газэты Выборчай“, а таксама і мая ўласная на тое, што адбываецца ў Беларусі вакол парушэньня правоў чалавека, таптаньня грамадзянскіх свабодаў і чалавечай годнасьці былі заўважаныя і правільна прачытаныя высокім службоўцам адміністрацыі прэзыдэнта Лукашэнкі.

Я ня ведаю, што Вы называеце „ўсёдазволенасьцю“ і „непавагай да этычных нормаў“.

Мы лічым, што „ўсёдазволенасьць“ — гэта дазвол і маўклівае ўхваленьне для дыктатарскіх мэтадаў, ужываных адміністрацыяй прэзыдэнта Лукашэнкі, а „непавага да этычных нормаў“ — гэта зьбіваньне, зьнявольваньне, дыскрымінацыя людзей дэмакратычнай апазыцыі, гэта беларускія вязьні сумленьня, гэта пастаянная хлусьня, гэта фальшаваньне выбараў.

Мы выказваем поўную салідарнасьць з мужнымі грамадзянамі беларускай дзяржавы. Усіх вязьняў сумленьня мы будзем абараняць; тых, якім затыкаюць рот — будзем публікаваць, гэткім чынам служачы фармаваньню клімату паразуменьня між польскім і беларускім народамі.

Ня будзем маўчаць, калі апарат Аляксандра Лукашэнкі зьневажае пачуцьці і годнасьць грамадзянаў Беларусі.

Прыміце, калі ласка, словы пашаны для беларускага народу, словы захапленьня для зьняволеных абаронцаў беларускай свабоды
».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG