Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клюшкай па рэжыме


Апанэнты Аляксандра Лукашэнкі не пакідаюць спробаў паўплываць на кіраўніка Беларусі празь ягоны ўлюбёны від спорту — хакей.

Грамадзянская кампанія «Free Belarus Now», якая аб’ядноўвае сваякоў палітзьняволеных, палітыкаў, дзеячаў культуры і мастацтва па ўсім сьвеце, зьвярнулася ў нацыянальныя фэдэрацыі хакею з просьбай патрабаваць пераносу хакейнага чэмпіянату сьвету 2014 году зь Беларусі ў іншую краіну ці байкатаваць яго. Паводле падпісантаў, амаральна праводзіць спаборніцтвы такога маштабу ў краіне, дзе парушаюцца правы чалавека, а за кратамі застаюцца вязьні сумленьня.

Цягам апошняга году многія палітыкі і дэмакратычныя актывісты намагаюцца давесьці да Міжнароднай фэдэрацыі хакею неабходнасьць зьмяніць месца правядзеньня чэмпіянату сьвету 2014 году. У прынятым нядаўна «Акце аб дэмакратыі ў Беларусі» ўлады ЗША наўпрост кажуць, што нельга спрыяць рэжыму, які без разбору кідае ў турмы сваіх апанэнтаў; яшчэ раней з ініцыятывай перадаць права арганізацыі гэтых спаборніцтваў іншай краіне выступалі дэпутаты Эўрапарлямэнту, прадстаўнікі палітычнай эліты.

Ужо ня зь першым лістом да міжнароднай супольнасьці зьвярнуліся і актывісты грамадзянскай кампаніі «Free Belarus Now». Адзін з падпісантаў, арт-дырэктар беларускага «Свабоднага тэатру» Мікалай Халезін, які зараз жыве і працуе ў Лёндане, кажа, што плён ад такой дзейнасьці ёсьць. Прыкладам, з Музэю хакейнай славы ў Таронта прыйшоў адказ, у якім адзначана: пасьля таго, як вялікая група падпісантаў запатрабавала прыбраць майку пад № 1 з прозьвішчам Лукашэнкі зь ліку музэйных экспанатаў, швэдар беларускага хакеіста-аматара быў неадкладна зьняты са сьцяны.

Гэтым разам зварот адрасаваны кіраўнікам нацыянальных фэдэрацый. У ім адзначаецца, што ў траўні ў Хэльсынкі пройдзе кангрэс Міжнароднай фэдэрацыі хакею і любы з 70 дзейных сябраў арганізацыі можа ўзьняць пытаньне пра мэтазгоднасьць правядзеньня спаборніцтва ў Беларусі. Праўда, пакуль што Міжнародная фэдэрацыя ня бачыць падставаў, каб зьмяняць адрас правядзеньня чэмпіянату. Пра гэта на пачатку студзеня заявіў яе кіраўнік Рэнэ Фазэль. Адным з аргумэнтаў звыкла называецца тое, што спорт павінен заставацца па-за палітыкай. Апроч таго, фэдэрацыя нібыта зьвязаная камэрцыйнымі абавязаньнямі з рэклямадаўцамі і спонсарамі менскага форуму.

Хакейны аглядальнік спартовай газэты «Прессбол» Вячаслаў Федарэнкаў лічыць, што якраз з гледзішча камэрцыйных інтарэсаў Беларусь моцна прайграе канкурэнтам:

«Якраз камэрцыйныя ці рэклямныя абавязаньні можна было б перадаць і іншай
з камэрцыйнага, і з рэклямнага пункту гледжаньня Чэхія нашмат больш прывабная для ўсіх, чым Беларусь ...

краіне, нават нашмат больш прывабнай з рэклямнага пункту гледжаньня. Справа ў тым, што калі выбіраюць чарговага гаспадара чэмпіянату сьвету, то называюць ня толькі гэтую краіну, але таксама выбіраюць так званую „краіну стэнд-бай“. То бок на той выпадак, каб падчас надзвычайных здарэньняў, стыхійных бедзтваў у асноўнай краіне чэмпіянат магла прыняць краіна-дублёр. Дык вось, у Беларусі такой падстрахоўкай была Чэхія. Пагадзіцеся, што і з камэрцыйнага, і з рэклямнага пункту гледжаньня Чэхія нашмат больш прывабная для ўсіх, чым Беларусь. Асабліва ў нашым сёньняшнім эканамічным стане».

На гэтым тле беларускія ўлады актывізуюць кампанію прапаганды спартовага мерапрыемства «прэміюм-клясу», якое ўпершыню даверанае Беларусі. Да ўжо гатовай «Менск-Арэны» шпарка ўзводзіцца хакейны комплекс у сталічным мікрараёне Чыжоўка, будуюцца гатэлі і дарожныя разьвязкі. Апошні жэст з боку Лукашэнкі — забясьпечыць з 25 красавіка да 31 траўня 2014 году бязьвізавы ўезд для ўдзельнікаў усясьветнага першынства і заўзятараў. Падставай для ўезду будзе служыць наяўнасьць прозьвішчаў замежнікаў у афіцыйным сьпісе Міжнароднай фэдэрацыі хакею і арыгінальныя ці электронныя квіткі на матчы чэмпіянату.

Былы спартовы камэнтатар Беларускага тэлебачаньня Алесь Камароўскі лічыць, што супрацьстаяць спартовым чыноўнікам і афіцыйным уладам Беларусі, якія дзейнічаюць у адной зьвязцы, амаль нерэальна:

«Ня думаю, што сытуацыя з правамі чалавека, зь нейкімі іншымі момантамі
сумняюся, што ўсе гэтыя заявы на нешта прынцыпова паўплываюць ...

паўзьдзейнічае на Міжнародную фэдэрацыю. Не адменяць ні за што. Таму, думаю, усё застанецца, як і ёсьць. Зь іншага боку, можа, яно і правільна, калі кажуць, што спорт павінен быць спортам і ня варта яго далучаць да палітыкі. І калі разважаць у такім разрэзе, то, канечне, трэба праводзіць чэмпіянат у Менску без усялякіх пытаньняў. Бо такой магчымасьці можа больш ня выдацца. Але яшчэ раз кажу: сумняюся, што ўсе гэтыя заявы на нешта прынцыпова паўплываюць».

Экспэрты лічаць, што спосаб папсаваць настрой арганізатарам хакейнага чэмпіянату сьвету-2014 усё ж застаецца. Калі кіраўнікі нацыянальных фэдэрацый прыслухаюцца да голасу апанэнтаў афіцыйнага Менску, рэальным можа стаць байкот спаборніцтваў. Балазе, падобныя прэцэдэнты ў спартовай практыцы месца мелі. Да таго ж у алімпійскі год заўсёды можна спаслацца на адсутнасьць матывацыі ці стомленасьць гульцоў асноўнага складу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG