Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ельскі РАУС не распачаў справу па факце інцыдэнту з актывісткамі «Femen»


Ельскі РАУС 18 студзеня прыняў пастанову аб адмове ў распачынаньні крымінальнай справы па факце інцыдэнту з актывісткамі ўкраінскага руху «Femen».

Як паведамілі БелаПАН у прэс-службе УУС Гомельскага аблвыканкаму, падчас праведзенай праверкі міліцыя не здабыла матэрыялаў або доказаў інфармацыі, якая зьявілася ў інтэрнэце, пра выкраданьне і зьбіваньне ўкраінак.

«У інтэрнэце зьявілася інфармацыя, што 20 сьнежня ў Менску былі выкрадзены грамадзянкі Ўкраіны, якія потым былі дастаўлены ў вёску Бекі Ельскага раёну. На месца выехала сьледча-апэратыўная група, дзяўчаты сапраўды былі ў вёсцы, іх даставілі ў РАУС. Яны далі тлумачэньні, аналягічныя інфармацыі ў інтэрнэце — што іх выкралі, пагражалі іх жыцьцю, зьдзекаваліся. Але заяву пра гэта дзяўчаты не пісалі, праверка праводзілася па факце», — сказаў начальнік аддзелу інфармацыі і грамадзкіх сувязяў УУС Андрэй Мазепін.

Падчас праверкі міліцыя накіравала шэраг запытаў, на якія атрыманы адказы, апытала магчымых сьведак злачынства, была праведзена экспэртыза дзяўчат — але цялесных пашкоджаньняў у іх не было выяўлена.

«Матэрыялаў з пацьвярджэньнем слоў украінак здабыта не было, у распачынаньні крымінальнай справы адмоўлена, бо няма складу злачынства».

Актывісткі «Femen» Іна Шаўчэнка, Аксана Шачко і Аляксандра Нямчынава былі затрыманы міліцыяй у памежнай зоне ў вёсцы Бекі Ельскага раёну 20 сьнежня. Яны паведамілі, што іх затрымалі вечарам 19 сьнежня на Ўсходнім аўтавакзале ў Менску. Іх затрымлівалі шэсьць мужчын, якія не назваліся, але адразу ж насунулі актывісткам шапкі на вочы і павезьлі іх у невядомым напрамку.

Паводле слоў дзяўчат, іх вывезьлі ў лес, дзе пагражалі і ўсяляк зьдзекаваліся, прымушалі распранацца дагала, аблілі галовы зялёнкай, прымушалі трымаць плякаты з фашысцкай свастыкай. Усё гэта здымалася на відэакамэру.

19 сьнежня ў Менску Іна Шаўчэнка, Аксана Шачко і Аляксандра Нямчынава, агаліўшыся па пояс перад уваходам у будынак КДБ, на працягу некалькіх хвілін трымалі плякаты з надпісамі «Freedom to political prisoners» («Свабоду палітычным зьняволеным») і «Жыве Беларусь!». Акцыя была прымеркавана да гадавіны разгону ў Менску апазыцыйнай дэманстрацыі 19 сьнежня 2010 году, удзельнікі якой былі ня згодныя з афіцыйнымі вынікамі прэзыдэнцкіх выбараў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG