Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інтэрнэт-супольнасьць супраць Галівуду: пірацтва альбо цэнзура?


Дзень Цемры на вікіпэдыі 18.01.2012

Дзень Цемры на вікіпэдыі 18.01.2012

У выніку акцыяў Wikipedia і Google некаторыя прыхільнікі антыпірацкага заканадаўства ў ЗША адмовіліся ад сваіх намераў.

Інтэрнэт-акцыя, праведзеная 18 студзеня найбуйнейшымі рэсурсамі супраць антыпірацкіх законапраектаў SOPA і PIPA, пачынае даваць вынікі: некаторыя прыхільнікі новых законаў, у прыватнасьці шэсьць сэнатараў, адмовіліся ад іх падтрымкі. Галасаваньне прызначана ў Сэнаце на 24 студзеня.

Новыя законапраекты дазваляюць правакарыстальнікам у ЗША (маюцца на ўвазе найперш Галівуд і гуказапісвальныя кампаніі) магчымасьць блякаваньня сайтаў; прычым у шэрагу выпадкаў дзеля гэтага дастаткова будзе падозраньня ў пірацтве. Такая практыка ўспрынятая ў інтэрнэт-супольнасьці як спроба ўвядзеньня цэнзуры — кшталту той, што існуе ў Кітаі альбо ў Іране, паколькі гэта запатрабуе адмысловых спосабаў кантролю за зьместам сайтаў.

18 студзеня карыстальнікі ангельскага варыянту Wikipedia бачылі чорную старонку; у той самы дзень Google разьмясьціў на сваёй асноўнай старонцы кароткае апісаньне законапраектаў і заклік выказацца супраць цэнзуры ў Інтэрнэце. Падпісалася 4,5 мільёны карыстальнікаў. Кіраўнікі Facebook і Twitter Марк Цукэрбэрг і Дзік Кастола не рабілі падобных акцыяў у сваіх рэсурсах, аднак прыватна выказаліся супраць законапраектаў.

Рэдактар парталу PCMag. com. Ланс Уланаф камэнтуе:

«Тэкст законапраектаў прадугледжвае драконаўскія захады. Зь іх дапамогай улады здолеюць зачыніць які заўгодна сайт, усяго толькі западозраны ў пірацтве. Так, кіна- і музычныя кампаніі павінны абараняць свае аўтарскія правы, якія, сапраўды, часта парушаюцца з дапамогай інтэрнэту. Але калі ў сетцы нехта кагосьці цытуе, дык пры жаданьні гэта таксама можна назваць пірацтвам. Дзе мяжа паміж цытаваньнем і пірацтвам?»

Кіраўнік асацыяцыі гуказапісвальнай індустрыі Кэры Шэрман адказаў на гэта, што ад яго патрабуюць падпарадкавацца парадкам Дзікага Захаду. З дапамогай сродкаў масавай інфармацыі абодва бакі канфлікту спрабуюць перацягнуць у свой лягер грамадзкае меркаваньне і заканадаўцаў.

У гэтай сытуацыі Белы Дом апынуўся ў складаным становішчы — напярэдадні выбараў ён ня хоча губляць падтрымку ні, з аднаго боку — Галівуду, ні, з другога — інтэрнэт-супольнасьці. У заяве Белага Дому сказана, што пірацтва мае пагрозу, і адначасна гаворыцца, што нельга дапусьціць абмежаваньня свабоды самавыяўленьня і ўвядзеньня цэнзуры.
XS
SM
MD
LG