Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС паказала журналістам сапёраў у цывільным


У выбуховатэхнічным цэнтры ўнутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў адбылася прэс-канфэрэнцыя.

Перад журналістамі выступілі супрацоўнікі выбуховатэхнічнага цэнтру, якія працавалі на станцыі менскага мэтро «Кастрычніцкая» непасрэдна пасьля тэракту 11 красавіка 2011 году.

Іх фота, на якім сапёры ў цывільным выходзяць з «Кастрычніцкай» пасьля выбуху, несучы спэцыфічныя падрыўніцкія прылады, актыўна абмяркоўвалася ў сеціве.

На здымку былі старшы тэхнік піратэхнічных прац, начальнік разьліку старшы прапаршчык Юрый Давідоўскі, камандзір сапёрна-піратэхнічнай групы старшы лейтэнант Уладзімір Мукасееў, тэхнік піратэхнічных прац, намесьнік начальніка разьліку прапаршчык Арцём Страх, паведаміла БелТА.

Сапёры распавялі і паказалі, як працуе і для чаго выкарыстоўваецца кожная прылада, якую яны мелі з сабой 11 красавіка. Уладзімір Мукасееў распавёў, чаму група была ў цывільным і чым займалася ў мэтро.

Раней Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі выказала зьдзіўленьне тым, што здымкі БЕЛТА, зробленыя яшчэ ў красавіку, апошнімі днямі выклікалі актыўную дыскусію на шмат якіх інтэрнэт-рэсурсах.

«На фота і відэа — супрацоўнікі Выбуховатэхнічнага цэнтру ўнутраных войскаў. Яны ўзялі з сабою ўсё неабходнае абсталяваньне і выехалі, абсалютна ня ведаючы пра тое, што адбылося ў мэтро.Натуральна, што спэцыялісты ўзялі максымальную колькасьць экіпіроўкі.

Гэтыя людзі дагэтуль працуюць ва ўнутраных войсках. І мы гатовыя паказаць іх журналістам, даць магчымасьць паразмаўляць і ўсё патлумачыць, у тым ліку і прызначэньне гэтых прадметаў», — сказаў начальнік управы інфармацыі і грамадзкіх сувязяў МУС Канстанцін Шалькевіч.

На сайце gonzo.by блогер Максім Чарняўскі выклаў фатаздымкі людзей з падазроным багажом, якія выходзілі зь менскага мэтро неўзабаве пасьля выбуху 11 красавіка 2011 году. Гэта кадры зь відэасюжэту дзяржаўнага агенцтва БелТА, зьнятыя адразу пасьля выбуху ў мэтро ля бліжэйшага да Дома афіцэраў выхаду. На іх відаць, як з падземнага пераходу выходзяць чатыры чалавекі, двое зь іх нясуць цяжкую брызэнтавую торбу, адзін трымае ў правай руцэ вялікую шпульку з чорным провадам, а ў левай — прадмет, падобны да кандэнсатнай падрыўной машынкі.

Многія ўдзельнікі форумаў, дзе абмяркоўваліся гэтыя фотаздымкі, упэўненыя, што людзі ў цывільным, якія выходзяць зь пераходу прыкладна праз паўгадзіны пасьля выбуху, — не сапёры. Фарумчане абмяркоўвалі асобы гэтых чатырох чалавек і іх магчымую ролю ў тэракце.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG