Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дэпутат Валынскай абласной Рады і каардынатар цэнтру «Супраца бязь межаў» Ігар Гуз зьвярнуўся зь лістамі да міністра замежных спраў Украіны Канстанціна Грышчанка, амбасадара Ўкраіны ў Беларусі Віктара Ціханава і генэральнага консула Ўкраіны ў Берасьці Івана Бараначыка. Дэпутат зьвяртае іх увагу на парушэньні правоў украінцаў у Беларусі.

У прыватнасьці, Ігар Гуз просіць зьвярнуць увагу на праблему, якая існуе вакол рэгістрацыі грамадзкага аб’яднаньня ўкраінцаў у Баранавічах «Кабзар». Дэпутат піша, што «баранавіцкая ўлада ня хоча рэгістраваць аб’яднаньне ўкраінцаў „Кабзар“ і перасьледуе кіраўніка аб’яднаньня Міколу Чарнавуса».

Дэпутат зьвяртае ўвагу на тое, што баранавіцкія чыноўнікі «прапануюць грамадзкаму аб’яднаньню арандаваць памяшканьне за 10 мільёнаў рублёў (прыблізна 9 мільёнаў грывень). У той час як ва Ўкраіне мясцовая ўлада выдзяляе памяшканьні беларускім грамадзкім арганізацыям за 1 грыўню».

Ігар Гуз мяркуе, што «дзеяньні мясцовай улады супярэчаць сяброўскім дыпляматычным стасункам паміж Украінай і Беларусьсю».

У сувязі з гэтым дэпутат Валынскай абласной Рады просіць міністра замежных спраў Украіны і ўкраінскіх дыпляматаў зьвярнуць пільную ўвагу на факты парушэньня правоў украінцаў у Баранавічах.

Тым часам кіраўнік аб’яднаньня «Кабзар» Мікола Чарнавус кажа, што ўкраінскія дыпляматы ўжо зацікавіліся гэтай праблемай. Пасьля таго як на спадара Чарнавуса склалі адміністрацыйны пратакол, кажа ён, генэральны консул Украіны ў Берасьці Іван Баранчык паведаміў, што мае жаданьне прыехаць на судовае паседжаньне. Міколу Чарнавуса вінавацяць у самаўпраўстве.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG