Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісту суполкі незалежнага прафсаюзу на прадпрыемстве «Граніт» у Мікашэвічах Леаніду Дубаносаву пагражала звальненьне празь няздачу іспыту па электрабясьпецы.

Ленанід Дубаносаў працуе экскаватаршчыкам на «Граніце» каля 25 гадоў. Ён кажа, што раней без праблемаў здаваў гэты іспыт на атрыманьне групы допуску па электрабясьпецы. Цяпер жа ён адчуў перадузятасьць да яго з-за таго, што зьяўляецца сябрам незалежнага прафсаюзу:

«Сабралі цэлую камісію, пачалі вельмі падрабязна распытваць, першы раз ня здаў, другі раз... Калі трэці ня здам, то звольняць. То ўжо кіраўнікі прафсаюзу прыехалі нават з Салігорску, каб разабрацца ў гэтай сытуацыі. І хаця ахова іх на прадпрыемства не пусьціла, але званок галоўнаму энэргетыку сваё зрабіў. Той казаў кіраўнікам прафсаюзу, што нікога тут не завальваюць, што чалавек сам на тры пытаньні не адказаў. У выніку з трэцяй спробы я гэты іспыт здаў».

Леанід Дубаносаў кажа, што ягоным прыкладам начальства запалохвала іншых сябраў незалежнага прафсаюзу:

«Хадзілі і казалі людзям, што маўляў, бачыце, Дубаносаў ня здаў іспыт, яго зараз звольняць. Так што глядзіце, маўляў, да чаго даводзіць гэты прафсаюз».

Кіраўнік суполкі незалежнага прафсаюзу на «Граніце» Алег Стахаевіч таксама пад пагрозаю звальненьня, бо ў яго адабралі правы кіроўцы. Ён кажа, што кіраўніцтва вынаходзіць новыя спосабы ціску на сябраў прафсаюзу:

«Яны зараз гутаркі не праводзяць, ужо дзейнічаюць па-новаму. Ня здаў іспыт — паляціш з працы. Але ўсе ж разумеюць, дзеля чаго гэта робіцца».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG