Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Погляд на стан свабоды ў сьвеце ў 2011 годзе Freedom House выкладае ў толькі што распаўсюджаным дакладзе «Арабскія паўстаньні і іх глябальныя наступствы». Беларусь застаецца сярод несвабодных краінаў.

У параўнаньні з апошнім годам існаваньня СССР (1991) лік краінаў, прызнаных свабоднымі, вырас з 76 да 87 (2011).

Паўстаньні, якія пракаціліся па арабскім сьвеце цягам мінулага году, уяўляюць найбольш значную перамену сыстэмы аўтарытарнага кіраваньня пасьля каляпсу камунізму ў СССР, пішуць аўтары дакладу. У рэгіёне, які здавалася б меў імунітэт да дэмакратычных пераменаў, грамадзянам удалося адхіліць ад улады дыктатараў, што панавалі дзесяцігодзьдзямі. У некаторых выпадках паўстаньні прывялі да пачатку пабудовы дэмакратычных інстытутаў. Аднак посьпехі, прыкметныя ў Тунісе, або ў меншай ступені ў Эгіпце або Лібіі, справакавалі да больш жорсткіх дзеяньняў дыктатараў у іншых краінах – як напрыклад, у Сырыі.

Год, калі адзначалася дваццацігодзьдзе распаду СССР, засьведчыў яшчэ адну тэндэнцыю. Многія эўразійскія краіны на гэтай прасторы застаюцца ва ўладзе аўтарытарных кіраўнікоў той ці іншай іпастасі. Хаця да 2011 году фэномэн «пажыцьцёвага прэзыдэнта» прынцыпова асацыяваўся з Усходам, сёньня ён усё больш мае дачыненьне да доўгатэрміновых кіраўнікоў краінаў былога СССР. На рахунак рэжыму беларускага кіраўніка Аляксандра Лукашэнкі ў мінулым годзе Freedom House запісвае палітвязьняў або сэрыю захадаў супраць дасьціпных выразаў народнага незадавальненьня – напрыклад, масавага плясканьня ў далоні. Беларусь разам з такімі краінамі як Бірма, Кітай, Куба ці Чад застаецца цесна набліжанай да сьпісу найгоршых з горшых (Паўночнай Карэі, Гвінеі, Туркмэністану, Узбэкістану).

Пратэсты, якія ўспыхнулі ў Маскве і іншых расейскіх гарадах пасьля глыбока сумнеўных парлямэнцкіх выбараў, таксама паказваюць, што ад народных патрабаваньняў да пераменаў не застрахаваны ніводзін аўтарытарны кіраўнік, якімі б вынаходлівымі не былі мэтады яго кіраваньня. Пагадненьне прэм’ера Пуціна і прэзыдэнта Мядзьведзева памяняцца ролямі вяло да росту незадаволенасьці, як і тое, што гэтыя два мужчыны ня выканалі сваіх абяцаньняў рэфармаваць Расею. У дакладзе Freedom House па стане за 2011 год Расея ўключаная ў сьпіс несвабодных краінаў. Аўтарытарная «спакуса», паводле аўтараў дакладу, навісла і над Украінай пад кіраўніцтвам прэзыдэнта Віктара Януковіча: хаця пакуль яна і мае статус «часткова свабоднай краіны».

Для ацэнак стану свабоды ў сьвеце Freedom House выкарыстоўвае сваю мэтодыку. Яна не зьвязаная з культуралягічным асэнсаваньнем свабоды, але базуецца на стандартах палітычных правоў і грамадзянскіх свабодаў, вызначэньне асноўнай часткі якіх замацаванае ва Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека. Агульная ацэнка свабоды краіны складаецца з двух рэйтынгаў – у галіне палітычных правоў і ў галіне грамадзянскіх свабодаў. Абодва рэйтынгі ацэньваюцца паводле сямібальнай шкалы, дзе 1 азначае найбольшую меру свабоды, а 7 – найменшую. Беларусь за 2011 год атрымала 7 балаў у рэйтынгу палітычных правоў і 6 балаў у галіне грамадзянскіх свабодаў. Такія ж ацэнкі Беларусі ўтрымліваў і леташні даклад.

Freedom House – няўрадавая арганізацыя, зарэгістраваная ў ЗША, якая ставіць сваёй мэтай спрыяньне дэмакратыі ў сьвеце. Улетку 2011 году арганізацыя адкрыла свой офіс у Вільні, які будзе займацца таксама дапамогай усталяваньню свабоды слова ў Беларусі. Знаходзячыся ў Вільні з гэтай нагоды дырэктар Freedom House Дэйвід Крэймэр правёў шэраг сустрэчаў і даў некалькі інтэрвію на беларускую тэму. «Самы лепшы спосаб выправіць сытуацыю – калі Аляксандар Лукашэнка пазбавіцца ўлады. А пакуль яна ў яго ёсьць, ніякія працяглыя зьмены немагчымыя», – сказаў тады Крэймэр літоўскаму парталу DELFI.

Іншыя артыкулы на гэтую тэму:

Freedom House: Захад мае падрыхтаваць пакет дапамогі Беларусі

"Што трэба і што ня трэба рабіць зь Беларусьсю"

Крэймэр: Шкада, што не ўвялі санкцыі супраць «Белтрансгазу»
XS
SM
MD
LG