Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: З актывістам БХД не працягваюць працоўны кантракт


Зь сябрам аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Алегам Аксёнавым адміністрацыя Магілёўскага домабудаўнічага камбінату не зьбіраецца працягваць працоўных адносінаў. Працоўны кантракт сканчаецца 17 лютага. Пра тое, што ён ня будзе падоўжаны, Аксёнава афіцыйна папярэдзіла кіраўніцтва прадпрыемства.

Адміністрацыя не патлумачыла прычынаў, дзеля якіх скасоўвае кантракт. Працоўнае заканадаўства гэтага не патрабуе. Сам жа Аксёнаў лічыць, што звальняюць яго за абарону правоў працоўных прадпрыемства.

«Я размаўляў з дырэктарам, той сказаў, што нібыта ёсьць папера ад начальніка цэху. У ёй пазначана, што я не знайшоў агульнай мовы з калектывам і адміністрацыяй цэху. Пра калектыў — гэта хлусьня. З адміністрацыяй, канечне, не сышоўся, бо патрабаваў, каб выконвалі тое, што патрэбна. Я быў старшынём забастовачнага камітэту. Я не хаваў, што я ў камітэце па стварэньні партыі „Беларуская хрысьціянская дэмакратыя“ й што сябра Свабоднага прафсаюзу мэталістаў», — зазначае Алег Аксёнаў.
Яны выказалі незадавальненьне тым, што мяне звальняюць, аднак бараніць мяне яны, я ўпэўнены, ня будуць.

Забастовачны камітэт на домабудаўнічым камбінаце ўтварыўся сёлета ўлетку. 13 верасьня старшынём страйкаму стаў Алег Аксёнаў. Паводле яго, ад імя работнікаў прадпрыемства была складзеная пэтыцыя кіраўніцтву прадпрыемства зь дзесяці пунктаў, якія тычыліся своечасовай выплаты заробкаў ды паляпшэньня ўмоваў працы. Ніводнае з патрабаваньняў дагэтуль ня выкананае.

Алег Аксёнаў лічыць, што працаўнікі камбінату не гатовыя выступіць у яго абарону:

«Я прынёс паперу з папярэджаньнем і паклаў перад сваімі калегамі. Вось, кажу, чытайце. Яны выказалі незадавальненьне тым, што мяне звальняюць, аднак бараніць мяне яны, я ўпэўнены, ня будуць. Я і не зьвяртаўся, каб людзі выступілі ў маю падтрымку. Я непакоюся, што тых, хто змог бы выступіць, не напаткаў той жа лёс, што і мяне. Тыя, хто ўваходзіў у забастовачны камітэт, цяпер працуюць ужо ў Расеі».

На камбінаце Алег Аксёнаў рабіў грузчыкам. Кантракт зь ім быў заключаны 17 лютага 2010 году.
XS
SM
MD
LG