Лінкі ўнівэрсальнага доступу

765 чалавек заплацілі за тое, каб Алеся Бяляцкага вызвалілі


Натальля Пінчук пераводзіць сабраныя для Бяляцкага грошы.

Натальля Пінчук пераводзіць сабраныя для Бяляцкага грошы.

18 студзеня жонка палітвязьня Алеся Бяляцкага Натальля Пінчук пералічыла на рахунак суду Першамайскага раёну Менску грошы, сабраныя беларускімі грамадзянамі ў падтрымку Алеся. 757 мільёнаў рублёў пераведзеныя ў якасьці выплаты шкоды, якую нібыта нанёс дзяржаве Алесь.

Грошы былі сабраныя грамадзянамі Беларусі з ініцыятывы паплечнікаў Алеся Бяляцкага і лідэраў грамадзянскай супольнасьці Беларусі. Кампанія прайшла ў сьціслыя тэрміны — яна пачалася месяц таму 15 сьнежня, а завяршылася за тыдзень да разгляду касацыйнай скаргі Алеся Бяляцкага ў Менскім гарадзкім судзе, прызначанага на 24 студзеня.

Уладальніца дабрачыннага рахунку Натальля Пінчук пасьля пераводу грошай выйшла з аддзяленьня «Беларусбанку» з трохмэтровай раздрукоўкай руху па рахунку. Грошы ў падтрымку Алеся Бяляцкага пералічылі 765 чалавек на суму больш за 804 мільёны рублёў.



Натальля Пінчук: «Вельмі паказальнай зьяўляецца гэтая папера, якая дэманструе колькасьць тых людзей, якія спрычыніліся да збору сродкаў, і я б хацела адразу выказаць вялікую падзяку ўсім тым, хто спрычыніўся да гэтага, дзякуючы чыім намаганьням гэтая сума была ў рэшце рэшт сабраная. Людзі пералічвалі па 50 тысяч, па 200 тысяч, па мільёне, па 40 тысяч… Бачна, што людзі колькі маглі, столькі і ахвяравалі на гэтую справу».

Як мяркуюць паплечнікі Алеся, пералічэньне гэтых сродкаў павінна паспрыяць хутчэйшаму вызваленьню Бяляцкага альбо зьмене яму меры стрыманьня, ці хаця б зьмякчэньню надзвычай жорсткага прысуду.

Валянцін Стэфановіч: «У мяне такія спадзяваньні ёсьць. Мы зыходзілі з таго, што мы павінны зрабіць усё, што магчыма ў гэтай сытуацыі. Як там што будзе — ня ведаю, але спадзяюся, што гэта будзе ўлічана».

Паводле Валянціна Стэфановіча, падчас паседжаньня Менскага гарадзкога суду адвакат будзе хадайнічаць, каб дакумэнты аб пералічэньні грошай за Алеся Бяляцкага далучылі да крымінальнай справы і ўлічылі пры вынясеньні рашэньня.



Дадатковы спадзеў сябрам і родным Алеся Бяляцкага надало выказваньне Аляксандра Лукашэнкі 23 сьнежня мінулага году:

«Трапіце, як гэты, як ягонае прозьвішча, што мільярд не заплаціў унёскі … Бяляцкі. І потым будзеце зноў казаць, што Лукашэнка вінаваты. А калі б у Амэрыцы не заплаціў такі падаходны падатак? Ня вылез бы з турмы. А вы нас папракаеце разам з амэрыканцамі. Дык заплаці, дык, можа, яшчэ з турмы выпусьцяць!»

Праваабаронцы падкрэсьліваюць, што пералічэньне гэтых грошай не азначае прызнаньня віны Алесем Бяляцкім — гэта толькі салідарная акцыя, накіраваная на вызваленьне незаконна асуджанага праваабаронцы. Алесь пра гэтую кампанію ведае — зазначыў Уладзімер Лабковіч:

«Ён ведае пра гэтую кампанію, ён не выступае супраць яе, але ставіцца дастаткова спакойна. І правільна робіць, таму што тут самае галоўнае — не спакушаць сябе нейкімі надзеямі. Гэта выключна дэманстрацыя таго, што ў Беларусі ў сытуацыі адсутнасьці правасудзьдзя ў прынцыпе, разумеючы, што ўсе пытаньні вырашаюцца толькі зыходзячы з палітычнай пазыцыі, мы ствараем такую сытуацыю, калі б улады былі вымушаныя пайсьці хаця б на нейкае зьмякчэньне ў дачыненьні да палітвязьня».

Уладзімер Лабковіч нагадаў, што пасьля падзеяў 19 сьнежня грамадзтва таксама аплаціла шкоду, нанесеную будынку Дома ўраду.

Паводле экс-адваката Паўла Сапелкі, у любым выпадку пералічэньне грошай пазытыўна паўплывае на пэрспэктывы Бяляцкага:

«У першую чаргу ёсьць даволі стойкая надзея на тое, што гэта будзе наўпрост улічана пры вырашэньні пытаньня аб магчымасьці зьмяненьня выраку ў частцы пакараньня. Мяне не пакідае надзея, што гарадзкі суд ухваліць рашэньне хаця б аб зьмякчэньні пакараньня».
XS
SM
MD
LG