Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіна пра магчымае пашырэньне сьпісу асобаў, якім Эўразьвяз адмовіць у візах, пакінула беларускае грамадзтва абыякавым. Таксама, як напярэдадні ня выклікаў шырокага рэзанансу факт падпісаньня прэзыдэнтам ЗША Акту аб дэмакратыі ў Беларусі. Здаецца, прычына гэтай абыякавасьці — не ва ўсьведамленьні таго, што санкцыі не працуюць і пакідаюць глебу для такіх казусаў, які здарыўся з кіраўніком беларускага МУСу, які накіраваўся ў Францыю, нягледзячы на свой «неўязны» статус. Бо такое ўсьведамленьне — адметная асаблівасьць нешматлікіх дасьведчаных, тым часам як абыякавасьць закранае значна шырэйшыя пласты грамадзтва. І вось, пакуль гэтая абыякавасьць ня зьнікне — санкцыі ня будуць працаваць так, як трэба. Бо сэнс санкцыяў — у тым, каб асобам, якія пад іх трапілі, было сорамна. Не перад сабой — перад грамадзтвам. Чаму ж грамадзтву ўсё роўна?

Сусьвет беларусаў

Што такое Амэрыка для сучаснага тэлегледача Беларусі? Акрамя «McDonalds», зразумела? Гэта краіна, турыстаў зь якой ён ня бачыць на вуліцах. А калі бачыць, ня можа зь імі камунікаваць, бо ня ведае ангельскай мовы. Амэрыка — краіна, у якой у лепшым выпадку была на летняй працы дачка суседкі пяць гадоў таму, у горшым выпадку — не было нікога са знаёмых. Эўразьвяз — гэта Нямеччына, куды шматлікія простыя беларусы езьдзілі па тачкі, ды Літва, у якую нешматлікія няпростыя беларусы траплялі на распродажы ў «Озас» ды «Акропаліс». У Нямеччыне яны нічога ня бачылі, апрача «шротаў» ды іх уладальнікаў з блізкага ўсходу, у Літве ім спадабалася, аднак усё тое, што ім там спадабалася, нескладана апошнім часам адшукаць у менскіх гіпэрмаркетах. Газэт яны там не чыталі, пазытыўных адрозьненьняў дэмакратыі ад таталітарызму не адчулі. Па вяртаньні зь незразумелай для іх Нямеччыны і трохі больш зразумелай Літвы яны пачулі па беларускім тэлебачаньні, у якіх складаных эканамічных умовах жывуць жыхары гэтых краінаў, якія там страйкі, падпалы крамаў, пратэсты працоўных на вуліцах. Гэта нарадзіла адчуваньне, нібыта яны вярнуліся зь пекла. Празь некалькі месяцаў пасьля вяртаньня малюнак адчутай уласным досьведам Нямеччыны ды Літвы падмяняўся Нямеччынай ды Літвой, прапанаванай беларускім тэлебачаньнем ды дзяржаўнымі газэтамі. Бо вандроўкі пакінулі толькі няясныя ўспаміны аб шпацыры па «шротах» ды стамляльных прымерках у віленскай Zara. Што самае важнае: сяброў, знаёмцаў, якім можна было б патэлефанаваць, напісаць у «Одноклассниках» з запытам, ці сапраўды ў Нямеччыне ці Літве настолькі пагана, яны там не прыдбалі. Бо, па-першае, моўны бар’ер, па-другое — модус паводзінаў нашага чалавека за мяжой.

У выніку, да ЗША сярэднестатыстычны беларус ставіцца прыкладна так, як ставіўся падчас Другой сусьветнай вайны, калі загіпнатызаваныя савецкай прапагандай савецкія грамадзяне чакалі адкрыцьця другога фронту ды крыўдзіліся на Амэрыку за тое, што мукі ў лэнд-лізаўскім пакунку аказалася занадта мала. Дарэчы, адчуваньне «вайны» нікуды не падзелася — калі паглядзець дзяржаўныя тэлеканалы, узьнікае ўстойлівае адчуваньне, што супраць Беларусі ваююць усе. Дык вось, ёсьць недзе тыя ЗША ды ЭЗ, аднак з намі яны ніяк не стасуюцца, сяброў ды сваякоў мы там ня маем, турыстаў адтуль ня бачым, дык ці ёсьць яны насамрэч? Ці не прысьніліся яны некаму?

Адчужэньне караючага суб’екта

Адзіны сэнс існаваньня Штатаў ды Эўразьвязу ў афіцыйнай мэдыйнай прасторы — падкрэсьліць, як у нас усё добра ды як у іх усё дрэнна. А, паколькі мала хто апошнім часам верыць у тое, што ў нас усё добра, усё меней людзей упэўненыя ў тым, што ёсьць тыя «яны», у якіх усё дрэнна. Урэшце, калі Злучаных Штатаў на беларускім глёбусе не было, іх варта было б выдумаць прапагандзе, бо павінна ж быць краіна, у параўнаньні зь якой у нас усё вэры гуд!

І тут мы падыходзім да праблематыкі санкцыяў. Эўразьвяз — гэта «шрот» ды «Акропаліс», ЗША — гэта «work and travel» (у лепшым выпадку!) ды «McDonalds» (у горшым). Дык ці ня дзіўна, калі «шрот», «Акропаліс» ды McDonalds абвяшчаюць нейкіх нашых чыноўнікаў, з нашага, рэальнага, сусьвету, — злодзеямі, неўязнымі і г. д.? Палова беларусаў ня ўпэўненыя ў тым, што Эўразьвяз ды ЗША яшчэ існуюць у той або іншай форме, бо адзіная рэальная валюта ў сусьвеце — беларускі рубель. Тыя ж, што вераць у існаваньне гэтых краін, ня бачаць іх у якасьці палітычнай сілы. Бо зразумела, што з табой будзе, калі ты выступіш супраць афіцыйнага прафсаюзу ці пачнеш агітаваць за перагляд вынікаў выбараў у парлямэнт на ўласным прадпрыемстве. А што такое ЗША ды ЭЗ у палітычным сэнсе? Выключна «шрот», «Акропаліс» ды «McDonalds». Я не выключаю, што некаторыя зь сярэднестатыстычных беларусаў зразумелі б сэнс палітычных санкцыяў ЗША, калі б сьпісы чыноўнікаў, абвешчаных неўязнымі ў гэтую краіну, зьявіліся ў менскіх «McDonalds». Бо гэта было б якраз матэрыялізацыяй абстрактных зьяваў у паўсядзённасьці. Аднак «McDonalds» у Беларусі пасьля гэтага не праіснаваў бы і месяца.

Хто такая Гілары Клінтан? Зь якой пасады пайшоў Ежы Бузэк? Чаму ў кантэксьце Беларусі ўвесь час гучыць прозьвішча «Пургурыдэс»? Паспрабуйце задаць гэтыя пытаньні прадавачцы ў краме ля дома, будзеце зьбянтэжаныя! Калі веды чалавека пра навакольны сусьвет паходзяць адно з прапаганды, няма ніякага плёну для сусьвету спрабаваць расплюшчыць гэтаму чалавеку вочы з-за мяжы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG