Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адміністрацыя прэзыдэнта не дапамагла сплаціць штрафы


Адміністрацыя прэзыдэнта пакінула не задаволенай просьбу групы грамадзян з «Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконьня ў судах і пракуратуры» аказаць ім матэрыяльную дапамогу ў аплаце штрафаў за правядзеньне несанкцыянаванага мерапрыемства, якое адбылося 19 кастрычніка 2011 году.

У гэты дзень жанчыны паспрабавалі на плошчы Свабоды ў Менску правесьці пікет супраць, як яны сьцьвярджаюць, прававога беззаконьня ў беларускіх судах і чыноўніцкай сваволі. Пікет быў разагнаны. Восем жанчын міліцыянты затрымалі й пазьней пакаралі штрафамі.

Паводле жыхаркі Бабруйску Валянціны Каваленкі, на акцыю пратэсту прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек, якія сутыкнуліся зь несправядлівасьцю ў судах і не знайшлі паразуменьня ў перапісцы з чыноўнікамі.

Валянціна Каваленка: «Перад тым як выйсьці на акцыю пратэсту, мы зьвярталіся трыццаць разоў да прэзыдэнта, каб ён зьвярнуў увагу на праблему адпісак. Нават нам удалося трапіць на Ўсебеларускі сход. Прэзыдэнт даручыў чыноўнікам з намі сустрэцца. Пазьней з нашымі прадстаўнікамі сустракаўся Ўладзімер Макей, і ён даручыў разабрацца з нашымі праблемамі. Паабяцаў стварыць адмысловую камісію. Калі ён быў у Бабруйску, я яму сказала на прыёме, што нічога з абяцанага ня зроблена. Зноў нам паабяцалі. І тады мы выйшлі, каб прэзыдэнт, якога мы лічым гарантам Канстытуцыі, нас пачуў. Нас жа затрымалі, парушылі нашы правы, бо незаконна затрымалі. Нас зьневажалі, абражалі. А потым аштрафавалі. Паколькі прэзыдэнт ня змог абараніць нашы канстытуцыйныя правы, то, мы прасілі, каб ён дапамог аплаціць штрафы. Але мы зноў атрымалі адпіскі. Асабіста мне паведамілі, што са мной спыненая наагул перапіска».

Як сьцьвярджае спадарыня Каваленка, яна паспрабавала атрымаць з адміністрацыі прэзыдэнта матываваны адказ, чаму перапіска зь ёй спыненая, але марна.

Валянціна Каваленка: «На мяне проста крычалі, калі я патэлефанавала ў адміністрацыю. Заяўлялі, што мяне больш ніколі ня прымуць. Цяпер будзем дамагацца, каб нам зноў дазволілі правесьці пікет. Мы будзем прасіць плошчу Свабоды. У нас выйсьця іншага няма. Мы ўсе пазнаёмілі між сабой у Генэральнай пракуратуры, Вярхоўным судзе. Кожны дамагаўся справядлівасьці паасобку. Потым вырашылі ісьці разам, бо паасобку наагул дамагчыся нечага немагчыма. У мяне асабіста сын асуджаны. Два гады таму Генэральная пракуратура вынесла пратэст на прысуд яму. Паводле нашага заканадаўства яго неабходна было перагледзець, але прэзыдыюм Вярхоўнага суду пратэст адхіліў. У нас у групе людзі ў асноўным вось з такімі праблемамі».

Па дазвол на пікет у кастрычніку 2011 году жанчыны зьвярталіся да ўлады, але атрымалі адмову. У дзень акцыі пратэсту даслалі скаргу на гэтае рашэньне ў Генэральную пракуратуру. Там скаргу не задаволілі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG