Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргея Каваленку пачалі прымусова карміць


Сяргей Каваленка

Сяргей Каваленка

Пра гэта жонцы актывіста паведамілі ў віцебскім СІЗА.

Прыняць сокі для Сяргея Каваленкі там адмовіліся. Таксама Алена Каваленка і маці зьняволенага атрымалі сёньня адмовы на спатканьне зь ім.

Алена Каваленка панесла ў СІЗА перадачу для мужа і мела размову з начальнікам тамтэйшай мэдычнай часткі. Ён сказаў, што, «калі бязь лішніх падрабязнасьцяў, то стан здароўя зьняволенага здавальняючы».

Учора актывіста наведваў адвакат, яны складалі скаргу ў абласны суд, каб абскардзіць пастанову Кастрычніцкага райсуду ад 12 студзеня, калі Сяргея Каваленку прызналі вінаватым у хуліганстве — нецэнзурнай лаянцы. Адвакат казаў жонцы, што Сяргей дужа схуднеў і дрэнна выглядае. Цяпер Алена Каваленка даведалася, што мужа пачалі карміць прымусова:

«Начальнік мэдычнай часткі СІЗА сказаў мне, што Сяргея пачалі карміць прымусова, праз зонд. Ужо пачалі... Ён сказаў: „Пачалі ўводзіць пэраральна растворы“, гэта значыць праз зонд, і кормяць, як мне ён сказаў, булёнамі. Я яму заўважыла, што гэта небясьпечна для здароўя — карміць адразу мяснымі булёнамі пасьля працяглай галадоўкі. А ён адказаў, што так напісана ў падручніку па хірургіі... І параіў мне пачытаць тыя падручнікі».
Я яму заўважыла, што гэта небясьпечна для здароўя — карміць адразу мяснымі булёнамі пасьля працяглай галадоўкі. А ён адказаў, што так напісана ў падручніку па хірургіі.

З інтэрнэту Алена Каваленка даведалася, што пасьля працяглых галадовак лепш спачатку ўжываць сокі, і то разбаўленыя. Яна прынесла некалькі пакункаў натуральнага соку, прызначанага для дзіцячага харчаваньня — каб яны былі ў мужа на той выпадак, калі з галадоўкі давядзецца выходзіць. Але сокі не ўзялі, працягвае жонка зьняволенага актывіста:

«Так, я хацела перадаць сокі, каб Сяргей мог бяз шкоды для здароўя выходзіць з галадоўкі. Але ён галадоўку не прыпыніў, афіцыйна яна працягваецца, бо цяпер яго кормяць гвалтам. Я запытала ў мэдработніка, як праходзіць гэтая працэдура: можа, там прыкоўваюць кайданкамі і ўводзяць той зонд? Але ён мне ня змог патлумачыць ці не захацеў».

Таксама Алена Каваленка сёньня атрымала ўжо другую адмову на спатканьне з мужам. Адмову даслалі і маці актывіста, Лідзіі Каваленцы. У адказе сьледчага Сяргея Волкава напісана, што спатканьне зьняволенага актывіста з роднымі ён лічыць немэтазгодным.

Сяргей Каваленка абвясьціў галадоўку 19 сьнежня, а з 22 сьнежня яго зьмясьцілі ў віцебскі СІЗА. Віцебскі сябар КХП БНФ пратэстуе супраць перасьледу з боку інспэкцыі па выкананьні пакараньняў.

З ініцыятывы супрацоўнікаў гэтае ўстановы супраць Сяргея Каваленкі распачалі крымінальную справу за парушэньне рэжыму адбыцьця ўмоўнага пакараньня — «хатняй хіміі», прысуджанай сябру КХП БНФ за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга на навагодняй ёлцы ў Віцебску 7 студзеня 2010 году.

Алена Каваленка

Алена Каваленка

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG