Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сусьветны банк чакае ўсяго 0,5% росту эканомікі ў Беларусі


Улады Беларусі прадбачаць яго сёлета на ўзроўні 5,0 −5,5%. Раней Сусьветны банк даваў Беларусі 3%.

Паводле справаздачы Сусьветнага банку, разьвіцьцё падзеяў у сьвеце ідзе паводле сцэнару запавольваньня эканамічнага росту. У новым дакладзе адносна глябальных эканамічных пэрспэктываў банк паніжае паказчыкі ў параўнаньні са сваім леташнім чэрвеньскім прагнозам. Так, згодна з новым прагнозам, тэмпы росту сусьветнай эканомікі складуць 2,5% сёлета і 3, 1% ў 2013 годзе (раней прагназаваліся 3,6% на абодва гады). Аднак і дасягненьне гэтых, больш нізкіх паказчыкаў, уяўляецца няпэўным.

Незалежна ад таго, якімі будуць рэальныя вынікі разьвіцьця сусьветнай эканомікі ў 2012 і 2013 гадах, некаторыя фактары ў аўтараў дакладу не выклікаюць сумненьняў. Па-першае, у краінах з высокім узроўнем даходаў эканамічны рост будзе павольным, паколькі яны будуць прыкладаць свае намаганьні на тое, каб аздаравіць свае аслабленыя фінансавыя рынкі і ўпарадкаваць напружаныя бюджэты. Слабейшым краінам давядзецца ва ўсё большай ступені шукаць крыніцы росту ўнутры разьвіванага рэгіёну — і гэты пераход ужо пачаўся. Ён хутчэй за ўсё прынясе свае ўласныя праблемы.

Паводле справаздачы, праблемы будуць найбольш вострымі для тых краінаў, дзе патрэба ў зьнешнім фінансаваньні перавышае 5% ВУП. У Беларусі, паводле справаздачы, гэты паказчык складае 18% ВУП (з гэтага 10,5% — дэфіцыт плацёжнага балянсу плюс 7,7% — сплочваньне ранейшых доўгатэрміновых і кароткатэрміновых пазык). Зыходзячы з гэтага крытэра, Беларусі, як напрыклад Турцыі ці Чарнагорыі, пагражае рызыка замарожваньня міжнародных крэдытаў. Справаздача адзначае моцную залежнасьць Беларусі ад кароткатэрміновых крэдытаў (у шэрагу з такімі краінамі як Альбанія, Румынія, Чарнагорыя ці Сэрбія), што азначае для гэтых краінаў таксама залежнасьць ад больш жорсткіх банкаўскіх умоваў.

Што да росту ВУП, то сёлета для Беларусі банк прадказвае яго на ўзроўні 0,5% (улады Беларусі бачаць гэты паказчык на ўзроўні 5-5,5%). На 2013 год паказчык Сусьветнага банку для Беларусі больш аптымістычны — 3,5%. Пры тым дэфіцыт плацёжнага балянсу прагназуецца на ўзроўні 6 працэнтаў ВУП сёлета, і 4,1% ў 2013 годзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG