Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За дом Гарэцкага заступілася Міністэрства культуры


Міністэрства культуры Беларусі накіравала ліст у Магілёўскі аблвыканкам і Горацкі райвыканкам з прапановаю захаваць у Горках дом, у якім жыў пісьменьнік Максім Гарэцкі.

Мінкульт прапануе стварыць у доме на вуліцы Агранамічнай, 3 мэмарыяльную кватэру Гарэцкага. Такія рэкамэндацыі пазначаныя ў адказе студэнтцы Кацярыне Карпіцкай зь Менску. Дзяўчына са сваімі сябрамі сабрала больш за паўсотні подпісаў сталічных студэнтаў за захаваньне дома Гарэцкага й накіравала іх у Міністэрства культуры.

Кацярына Карпіцкая сама з Горак. Даведалася пра збор подпісаў у абарону дома з сайту horki.info. Сьпісалася зь яго адміністратарамі, якія ёй і выслалі падпісны ліст.

Кацярына Карпіцкая: «Я каля гэтага дома хадзіла зь дзяцінства. Для Горак Гарэцкі — гэта амаль брэнд. Да мяне прыяжджалі сябры, і першае, што я ім расказвала, — гэта пра Гарэцкага й якое значэньне ён меў для Горак. І цяпер гэтага дома можа ня быць. У нас жа ня так шмат гістарычных помнікаў, такіх адметных. Наагул гэта важна ня толькі для Горак, але й для Беларусі. Гэта адзіны дом у краіне, які захаваўся й які мае дачыненьне да жыцьця Гарэцкага. Калі мы так будзем ставіцца да ўсяго, то я й ня ведаю, з чым мы застанемся. Давайце тады ўсё бурыць».

Як вынікае з адказу студэнтам, каб захаваць дом, яму трэба надаць статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Для гэтага неабходна сабраць пакет дакумэнтацыі:

«Радуе тое, што Міністэрства культуры зьвярнулася да аблвыканкаму й райвыканкаму, каб яны прыпынілі працы па зносе дома, пакуль зьбіраюцца дакумэнты. Я ўжо, па шчырасьці, і не чакала адказу зь міністэрства. Неяк доўга ўсё было глуха. Калі зьбірала подпісы, то студэнты дужа жыва адгукаліся. Я ведаю, што яшчэ адзін хлопец з журфаку сабраў 60 подпісаў. Я шмат каму расказвала, то, можа, хто таксама зьбіраў подпісы, невядомы мне», — кажа Кацярына Карпіцкая.

За захаваньне дома Гарэцкага зьбіраюць подпісы ў саміх Горках і ў Віцебску.

Дом, у якім жыў Максім Гарэцкі па вяртаньні зь Літвы на радзіму, зьбіраюцца зьнесьці, бо ён, як заяўляюць чыноўнікі, знаходзіцца ў аварыйным стане. У райвыканкаме не хаваюць, што зносіць будынак будуць у межах падрыхтоўкі райцэнтру да Дажынак. Асноўнае месца іх правядзеньня — непадалёк ад гэтага дома.

На тэрыторыі акадэміі стаяць бюсты вядомых супрацоўнікаў, але бюста беларускага пісьменьніка няма — толькі сьціплая шыльда на будынку, які неўзабаве можа зьнікнуць: «У гэтым доме з 1926 да 1928 году жыў пісьменьнік Максім Іванавіч Гарэцкі». У доме Гарэцкага цяпер жывуць восем сем’яў. Людзі кажуць, што будынак пачаў разбурацца, калі яго абклалі цэглай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG