Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісты патрабуюць скасаваньня артыкула 193.1


Грамадзкія ініцыятывы «Права на веру» і «СТОП 193.1!» накіравалі лісты ў шэраг дзяржаўных установаў, з просьбай паскорыць працэс адмены артыкула 193.1 крымінальнага кодэкса Беларусі.

Актывісты даслалі лісты ў абедзьве палаты Нацыянальнага сходу, адміністрацыю прэзыдэнта, Савет міністраў, міністэрства юстыцыі, у Вярхоўны і Канстытуцыйны суды, генпракуратуру, а таксама ў КДБ і шэраг іншых дзяржаўных устаноў Беларусі. Аўтары лістоў таксама спрабуюць знайсьці дзяржаўную структуру, якая можа ініцыяваць вырашэньне гэтага пытаньня.

«Мы спрабуем знайсьці дзяржаўную ўстанову, якая распачне працэс адмены артыкула 193.1, які прадугледжвае крымінальную адказнасьць за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. На жаль, папярэднія крокі не прынесьлі плёну. Мы зьвярталіся ў многія ўстановы, усе казалі, што гатовы разглядаць гэтае пытаньне, але нічога так і не было зроблена», — сказаў сайту Праваабарончага цэнтра «Вясна» адзін з кіраўнікоў Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі Сяргей Лісічонак.

У лісьце аналізуеца сытуацыя адносна крымінальнага артыкулу 193.1. Са студзеня 2006 года да крымінальнай адказнасьці па гэтым артыкуле было прыцягнута каля 18 чалавек. Тэндэнцыяй апошняга часу стала вынясеньне папярэджаньняў незарэгістраваным рэлігійным аб’яднаньням на падставе гэтага артыкула. Хаця згодна з міжнароднымі стандартамі, права на свабоду веравызнаньня мае большы прыярытэт у параўнаньні зь іншымі правамі і не можа быць абмежавана нават у надзвычайнай сытуацыі.

Шэраг грамадзкіх арганізацый беспасьпяхова спрабавалі атрымаць за гэты час дзяржаўную рэгістрацыю. Такая сытуацыя, адзначаецца ў лісьце, стварае сацяльнае напружаньне і перашкаджае паўнавартаснай рэалізацыі грамадзянамі сваіх канстытуцыйных правоў.

У сеціве таксама распачаўся онлайн-збор подпісаў за адмену артыкула 193.1.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG