Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Амбасада Францыі: Куляшову выдалі візу абмежаванага дзеяньня


Француская віза кіраўніку МУС Беларусі Анатолю Куляшову выдадзена па просьбе Інтэрпола, генэральны сакратарыят якой знаходзіцца ў Ліёне.

«Францыя выканала абавязацельствы дзяржавы, якая прымае на сваёй тэрыторыі міжнародныя арганізацыі», — заявілі БелаПАН у амбасадзе Францыі.

Там адзначылі, што гэта не шэнгенская віза, а «віза тэрытарыяльна абмежаванага дзеяньня», якая дае права толькі на наведваньне Францыі. Яна выдадзена на тэрмін афіцыйнай паездкі.

Таксама гэта не двухбаковы візыт: падчас паездкі не прадугледжваецца ніякіх кантактаў беларускага міністра з прадстаўнікамі Францыі.

Беларуская дэлегацыя на чале з Анатолем Куляшовым бярэ ўдзел у перамовах па праекце пагадненьня паміж Беларусьсю і Міжнароднай арганізацыяй крымінальнай паліцыі аб прызнаньні пашпарта МАКП — Інтэрпол. Яны праходзяць 17–20 студзеня ў Ліёне ў Генэральным сакратарыяце Інтэрпола. Такі пашпарт дае прадстаўнікам Інтэрпола права бязьвізавага ўезду на тэрыторыю краіны для ўдзелу ў мерапрыемствах па супрацьдзеяньні злачыннасьці.

Кіраўнік МУС Беларусі пасля разгону акцыі пратэсту апазыцыі 19 сьнежня 2010 года зьяўляецца неўязным на тэрыторыю Эўразьвязу. У сьпіс асобаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю ЭЗ і чые актывы замарожаныя, уключаны 210 беларускіх чыноўнікаў на чале з Аляксандрам Лукашэнкам. Актывы трох гаспадарчых суб’ектаў, зьвязаных з рэжымам, застаюцца замарожанымі. Таксама забаронены экспарт у Беларусь зброі і матэрыялаў, якія могуць быць выкарыстаныя для рэпрэсій унутры краіны.

У жніўні мінулага года амбасада Італіі адклікала шэнгенскую візу, выдадзеную раней рэктару БДУ Сяргею Абламейку. Таксама ў жніўні не пусьцілі ў Літву намесьніцу міністра юстыцыі Беларусі Алу Бодак, шэнгенская віза якой была выдадзена памылкова.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG