Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асіпенка: Аўтуховіча ў Ваўкавыску чакаюць


Уладзімер Асіпенка

Уладзімер Асіпенка

Госьць «Свабоды» — былы палітвязень Уладзімер Асіпенка, які праходзіў па адной справе з Міколам Аўтуховічам і адседзеў год і дзевяць месяцаў у Івацэвіцкай калёніі № 22 паводле абвінавачаньня ў захаваньні і перавозцы зброі і выбуховых рэчываў.

Соўсь: У Івацэвіцкай 5-й калёніі адбыўся суд на Мікалаем Аўтуховічам. Суд пастанавіў пагоршыць умовы ўтрыманьня палітвязьня да канца ягонага тэрміну і перавесьці яго ў крытую турму. Паводле адміністрацыі калёніі Аўтуховіч прызнаны злосным парушальнікам рэжыму і ня стаў на шлях выпраўленьня. Такі ж суд адбыўся тыдзень таму над палітвязьнем экс-кандыдатам на прэзыдэнта Міколам Статкевічам. Як вы мяркуеце, дзеля чаго гэта робіцца? Чаго дамагаюцца ўлады?

Асіпенка: Асабіста мая думка — тое, што ў нас цудоўна ведаюць, хто лідэры, хто асобы сярод усіх апазыцыянэраў. Вядома, пасьля 19 сьнежня шмат хто прайшоў турмы, але толькі адзінкі зь іх маглі прэтэндаваць на ролю лідэра. Гэта Статкевіч, Саньнікаў, Дашкевіч і Аўтуховіч. Менавіта таму ўлады хочуць гэтых лідэраў, гэтых неардынарных асобаў зламаць маральна. І мы ведаем з інфармацыі, якая даходзіць зь месцаў зьняволеньня, што насамрэч так яно і адбываецца. Адміністрацыя выконвае нечыя ўказаньні і ў прамым сэнсе слова зьдзекуецца зь іх.

Тое, што Аўтуховічу пагоршылі ўмовы ўтрыманьня, гэта было зразумела пасьля таго, як тое самае зрабілі са Статкевічам. Так што для мяне гэта не было нечаканасьцю. Тым больш, што ў калёніі Аўтуховіч не сядзеў склаўшы рукі. Ён сам сваім асабістым прыкладам спрабаваў паказаць усім зьняволеным, што яны — не маўклівая маса, а павінны адстойваць свае правы.

Соўсь: Мікола і цяпер знаходзіўся ў калёніі, дзе сядзелі пераважна рэцыдывісты, людзі, якія былі асуджаныя паўторна. З той інфармацыі, што трапляла на «Свабоду» з-за кратаў, выглядала, што Аўтуховічу цяжка даводзілася. Спробы суіцыду, галадоўкі пратэсту. Вы самі адбывалі пакараньне ў Івацэвіцкай калёніі № 22. Як вы мяркуеце, у такіх умовах знаходзяцца ўсе вязьні? Ці гэта мэтанакіраваны прэсінг менавіта на Аўтуховіча?

Асіпенка: У прынцыпе, калі ўжо Аўтуховіч меў другую судзімасьць, то ён ня мог знаходзіцца ў калёніі агульнага або ўзмоцненага рэжыму. Рэжым мусіў быць зусім іншы. Таму яго і трымалі ў Івацэвіцкай калёніі № 5. Так, там ёсьць рэцыдывісты, але гэта ня значыць, што яны ходзяць і паўсюль учыняюць свае злачынствы. Там усе аднолькавыя, і ўсё адбываецца пад кантролем адміністрацыі калёніі. Апрача таго ў кожным атрадзе ёсьць яшчэ гэтак званы «актыў», у тым ліку і прыкормленыя заггасы, якія дакладваюць пра кожны крок кожнага зьняволенага, калі ён робіць нешта незаконнае.

Стаўленьне адміністрацыі мусіць быць да ўсіх аднолькавае, у тым ліку да Аўтуховіча. Але калі адміністрацыя павяла сябе такім чынам, значыць для гэтага былі прычыны. Я думаю, што ўказаньне паступіла непасрэдна аднекуль зьверху.

Мікалай Аўтуховіч і Ўладзімер Асіпенка ў судзе, 6.05.2010

Мікалай Аўтуховіч і Ўладзімер Асіпенка ў судзе, 6.05.2010

Соўсь: Мікола Аўтуховіч 5 гадоў і 2 месяцы калёніі ўзмоцненага рэжыму нібыта за незаконнае захоўваньне і перавозку пяці патронаў і паляўнічай стрэльбы. Вас таксама асудзілі за захаваньне і перавозку зброі і выбуховых рэчываў на 3 гады пазбаўленьня волі. Вы выйшлі на свабоду раней праз год і дзевяць месяцаў. Вы заяўлялі, што рэпрэсіямі ўлады адпомсьцілі вам і Аўтуховічу за факты карупцыі, якія выклалі ў адкрытым лісьце да Лукашэнкі, вы заяўлялі раней, што ваша справа палітычная, бо вы з Аўтуховічам замахнуліся на сьвятая-сьвятых — намэнклятуру. Цяпер праз 3 гады ад вашага арышту, як вам бачыцца, за што сядзелі вы, і за што сядзіць Аўтуховіч?

Асіпенка: У маім разуменьні нічога не зьмянілася: так, мы сапраўды сядзелі за тое, што адкрыта замахнуліся на чыноўнікаў-карупцыянэраў. Вось самая галоўная прычына. Гэты сцэнар быў напісаны на нечую замову. Адпраўным пунктам, вядома, былі падзеі 2003 году, калі мы адкрыта заявілі пра карупцыю ў падатковай інспэкцыі Ваўкавыскага раёну...

Соўсь: А вы ж і самі працавалі ў падатковай інспэкцыі?

Асіпенка: Так, у той час я працаваў і пацьвердзіў факты карупцыі падчас папярэдняга сьледзтва, якое праводзіў Камітэт па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю Гарадзенскай вобласьці. У прыватнасьці, займаўся папярэднім расьсьледаваньнем падпалкоўнік Казлоў, які пазьней сядзеў са мной на лаве падсудных. Западозрыць нас у змове з Казловым было немагчыма — я яго абсалютна ня ведаў, Аўтуховіч яго абсалютна ня ведаў. Ён добрасумленна выконваў свае абавязкі, за што і трапіў на лаву падсудных.

Апрача таго я яшчэ хачу сказаць, што нават па справе падатковай інспэкцыі ён праводзіў ня толькі расьсьледаваньне, былі распачатыя крымінальныя справы супраць начальніка і намесьніка. Справа начальніка была «зарубленая на карню» з дапамогай хутчэй за ўсё Генэральнай пракуратуры, а справа намесьніка была даведзеная да суду. І суд прызнаў, што сапраўды чыніліся злачынствы. Але прыцягнуць да адказнасьці ўжо было нельга з-за тэрміну даўнасьці.

Соўсь: Беларускія праваабронцы лічаць Міколу Аўтуховіча, а раней і вам і Юрыя Лявонава палітычнымі вязьнямі. Як вы мяркуеце, чаму праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» не прызнала вас і цяпер Аўтуховіча палітвязьнямі?

Асіпенка: Таму што, відаць, тут зусім іншая справа, чым з нашымі «сьнежаньскімі». Тут больш патыхае нейкай крымінальшчынай, якую нам хацелі прышыць. Занадта шмат пытаньняў... Думаю, што яшчэ і нам з Аўтуховічам давядзецца вырашаць — хто рабіў дамову, чаму гэта адбылося. Вельмі шмат яшчэ ня высьветленага ў нашай справе. Думаю, што прычына ў гэтым.

Соўсь: Вы добра ведаеце Міколу Аўтуховіча. Як бы вы яго ахарактарызавалі як чалавека?

Асіпенка: Чалавек глыбока прыстойны, мэтанакіраваны, не слабы, ён вельмі моцны, моцны духам, характарам. І можа быць прыкладам мужнасьці і трываласьці для кожнага грамадзяніна нашай краіны. У калёніі ёсьць шмат мэтадаў, але калі гэты чалавек, які нічога не баіцца, які прайшоў Афган, вырашыў пайсьці на суіцыд — значыць ён быў даведзены да такой рысы, што толькі спроба суіцыду магла спыніць тых, хто спрабаваў яго зламаць маральна, зьнішчыць фізычна.

Соўсь: Як у Ваўкавыску ставяцца да справы Аўтуховіча?

Асіпенка: Усе памятаюць пра яго. З дапамогай інтэрнэту цяпер усе ў курсе падзеяў апошніх дзён, ведаюць, што рыхтавалася судовае паседжаньне па Аўтуховічу. Часам мне тэлефануюць, пытаюцца, удакладняюць. Людзі падтрымліваюць яго пазыцыю, вельмі перажываюць за тое, што зь ім робяць, але вераць, што зламаць яго ня ўдасца. Вядома, яго тут у Ваўкавыску чакаюць — ён пакінуў па сабе цудоўную памяць, зможа хадзіць з узьнятай галавой.

Соўсь: Як вам падаецца, як можна падтрымаць вязьня за кратамі? Як падтрымаць Міколу Аўтуховіча?

Асіпенка: Толькі лістамі. Што да матэрыяльнай падтрымкі — то нічога не атрымаецца, ёсьць сур’ёзныя абмежаваньні, якія пагаршаюць ягонае становішча. Менш перадачаў, менш пасылак, грашовых пераводаў наагул ня больш базавай велічыні за нейкі час... А лісты вельмі падтрымліваюць у зьняволеньні. Я ўспамінаю той момант — першыя дні пасьля арышту, калі я быў у інфармацыйным вакууме і прыйшлоў першы ліст — гэта вельмі мне ўзьняло дух. Таму калі ён будзе адчуваць падтрымку грамадзкасьці — ня толькі праваабаронцаў, але і простых людзей Беларусі — то ён усё вытрымае і дойдзе да канца.
  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

XS
SM
MD
LG