Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі зьдзіўленае тым, што здымкі БЕЛТА, зробленыя яшчэ ў красавіку, сёньня выклікалі актыўную дыскусію на многіх інтэрнэт-рэсурсах.

З гэтай нагоды начальнік управы інфармацыі і грамадзкіх сувязяў МУС Канстанцін Шалькевіч патлумачыў парталу Tut.by:

«На фота і відэа — супрацоўнікі Выбуховатэхнічнага цэнтру ўнутраных войскаў. Яны ўзялі з сабою ўсё неабходнае абсталяваньне і выехалі, абсалютна ня ведаючы пра тое, што адбылося ў мэтро… Натуральна, што спэцыялісты ўзялі максымальную колькасьць эпікіроўкі.

Гэтыя людзі дагэтуль працуюць ва ўнутраных войсках. І мы гатовыя паказаць іх журналістам, даць магчымасьць паразмаўляць і ўсё патлумачыць, у тым ліку і прызначэньне гэтых прадметаў».

На сайце gonzo.by блогер Максім Чарняўскі выклаў фотаздымкі людзей з падазроным багажом, якія выходзілі зь менскага мэтро неўзабаве пасьля выбуху 11 красавіка 2011 году. Гэта кадры зь відэасюжэту дзяржаўнага агенцтва БелТА, зьнятыя адразу пасьля выбуху ў мэтро ля бліжэйшага да Дому афіцэраў выхаду. На іх відаць, як з падземнага пераходу выходзяць чатыры чалавекі, двое зь іх нясуць цяжкую брызэнтавую торбу, адзін трымае ў правай руцэ вялікую шпульку з чорным провадам, а ў левай — прадмет, падобны да кандэнсатнай падрыўной машынкі.

Многія ўдзельнікі форумаў, дзе абмяркоўваліся гэтыя фотаздымкі, упэўненыя, што людзі ў цывільным, якія выходзяць зь пераходу прыкладна праз паўгадзіны пасьля выбуху — не сапёры. Фарумчане абмяркоўваюць асобы гэтых чатырох чалавек і іх магчымую ролю ў тэракце.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG