Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі рубель «умацоўваецца», то чаму народ слабее?


Кіраўніцтва Беларусі заяўляе пра стабілізацыю на фінансавым рынку і, як вынік, пра здольнасьць утрымліваць курс беларускага рубля на любым неабходным узроўні.

Аптымізму чыноўнікам дадае аб’ём золатавалютных рэзэрваў, які наблізіўся да 8 мільярдаў даляраў. У гэтым зьвязку ўлады ня бачаць падставаў, каб згортваць праграмы сацыяльнай падтрымкі насельніцтва і нарошчваньня рублёвай масы. Аднак незалежныя экспэрты гавораць пра памылковасьць папулісцкай палітыкі, якая пагражае чарговым вітком інфляцыі і далейшым абясцэньваньнем нацыянальнай валюты.

Аляксандар Лукашэнка, прымаючы з дакладам старшыню Нацыянальнага банку Надзею Ермакову, выказаў задавальненьне сытуацыяй на фінансавым рынку краіны. Па яго словах, урад і Нацбанк добра папрацавалі, каб нарасьціць золатавалютныя рэзэрвы ды ўмацаваць беларускі рубель:

«Розныя былі меркаваньні, размовы, што мы ледзьве не зьбіраемся мяняць палітыку ў фінансавай сфэры — розных чутак хапала правакацыйных. Па маіх дадзеных, годна Нацыянальны банк і ўрад прайшлі гэты пэрыяд і, як паказаў час, чуткі гэтыя ні на чым не грунтаваліся, як заўсёды. І ўжо гэты тыдзень паказаў, у якім кірунку разьвіваецца наша сытуацыя на фінансавых рынках. Я тут не перажываю, таму што ўсё ж золатавалютныя рэзэрвы ў нас упершыню ў гісторыі дастатковыя дзеля таго, каб сёньня любы курс нацыянальнай валюты падтрымліваць. Але ён павінен быць абгрунтаваны, разумны, як мы дамаўляліся, і абавязкова — свабодны».

Спадарыня Ермакова адрапартавала, што рэзэрвы, калі лічыць іх згодна зь міжнароднымі стандартамі, упершыню дасягнулі 7 мільярдаў 900 мільёнаў даляраў. Гэтаму, маўляў, паспрыяў абавязковы продаж валюты прадпрыемствамі на біржы. Аднак экспэрты кажуць, што ўлады займаюцца прыпіскамі. 3,5 мільярда даляраў — гэта доўг Нацбанку перад камэрцыйнымі банкамі. У рэзэрвы залічаныя грошы ад продажу «Белтрансгазу» і крэдытныя сродкі з антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС, але здабыткам галоснасьці сталі зьвесткі, што пры невыкананьні Менскам узятых на сябе абавязаньняў гэтыя сродкі могуць быць адкліканыя. Такім чынам, чыстыя рэзэрвы Нацбанку — 1 мільярд 200 мільёнаў даляраў, што пры канцы 2011 году пацьвердзіла сама спадарыня Ермакова. Тым часам у 2012-м запатрабуецца амаль 3 мільярды даляраў на выплату і абслугоўваньне ранейшых пазыкаў.

Эканаміст Васіль Шлындзікаў у гэтым зьвязку кажа, што, па сутнасьці, ніякіх захадаў дзеля аздараўленьня фінансавай сытуацыі ня зроблена і Лукашэнку зь Ермаковай нічога не застаецца, як толькі пускаць пыл у вочы народу:

«Натуральна, а што яму яшчэ застаецца? Таму ён не зьбіраецца ня тое што апраўдвацца, а наадварот — падкрэсьлівае посьпехі, тлумачыць, што ўсё гэта
гэта быў год, які прадэманстраваў усю нікчэмнасьць дзяржаўнай эканамічнай мадэлі ...

наступствы ўсясьветнага крызісу, які нарэшце дакаціўся да нас, што мы яму пасьпяхова супрацьстаялі, што мы яго практычна пераадолелі, бо рубель у нас зноў стабільны, і ўсё ў такім вось духу. Заўважце, што ўсе апошнія размовы ідуць менавіта ў такім ключы. А на самой справе мінулы год, ад якога засталася нам надзвычай цяжкая спадчына, вельмі паказальны. Найперш, гэта быў год, які прадэманстраваў усю нікчэмнасьць дзяржаўнай эканамічнай мадэлі, яе тупіковасьць. І, канечне, калі адпаведныя высновы ня будуць зробленыя, то нічога добрага чакаць не даводзіцца».

Аналітыкі падкрэсьліваюць, што хібы ў эканамічнай дзейнасьці ўлады намагаюцца выправіць звыклым спосабам — друкуючы грошы. Паводле афіцыйных зьвестак, на 1 студзеня 2012 году рублёвая маса перавысіла 43 трыльёны рублёў. У параўнаньні са сьнежнем мінулага году прырост за месяц склаў 13%. Відавочна, што такое значнае павелічэньне прывядзе да абясцэньваньня нацыянальнай валюты. Аднак дадатковыя грошы патрэбныя на выплату кампэнсацый у сувязі з абвалам рубля, які цягам мінулага году патаньнеў у тры разы. Так, вызначана, што мінімальны заробак не павінен быць ніжэйшы за 1 мільён рублёў, цягам году чатыры разы будзе пералічаны памер працоўных пэнсій (у лютым яны вырастуць на 20%), дадатковыя выплаты прадугледжаныя для людзей, старэйшых за 75 гадоў, будзе карэктавацца памер стыпэндый і г.д.

Між тым, як кажа эканаміст Сяргей Балыкін, спробы ўладаў задобрыць насельніцтва ня будуць мець вялікага плёну, бо пакупніцкая здольнасьць людзей імкліва зьніжаецца разам з вартасьцю беларускага рубля — нягледзячы на заявы чыноўнікаў, што нацыянальная валюта ўмацоўваецца:

Сяргей Балыкін

Сяргей Балыкін

«Чакаць можна толькі аднаго: беларускі рубель будзе абясцэньвацца і абвальвацца. Але ж тут ёсьць іншы прынцыповы момант. Галоўнае для шараговага беларуса, для беларускага спажыўца — ня тое, колькі беларускі рубель каштуе ў адносінах да замежнай валюты, а тое, колькі на гэты беларускі рубель можна набыць нейкіх прадуктаў, тавараў ці рэчаў, якія патрэбныя яму кожны дзень. А рэаліі такія, што кошты ў крамах растуць істотна, і няцяжка заўважыць, што яны падвышаюцца амаль што кожны дзень. Так што можна чакаць толькі таго, што колькі б мы ні зараблялі, на адзін беларускі рубель можна будзе набыць усё меней і меней».

Год таму беларускія ўлады ўзяліся за рэалізацыю плянаў давесьці сярэдні заробак да 500 даляраў. Не заробленыя, але «намаляваныя» грошы хутка падкасілі эканоміку, якая цягам 2011 году перажыла амаль 200-працэнтнае абясцэньваньне рубля і інфляцыю ў 108%. Ад абяцаных 500 даляраў засталася ў лепшым выпадку палова.
XS
SM
MD
LG