Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супярэчлівую рэакцыю выклікаў у магілёўскіх муляраў акцыянэрнага таварыства «Прамжылбуд» сюжэт па Беларускім тэлебачаньні пра сытуацыю, выкліканую калектыўнай заявай у падтрымку іх калегі, актывіста незалежнага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасьці Аляксея Паўлоўскага.

У сюжэце дзяржаўныя журналісты імя актывіста не згадалі, але назвалі яго правакатарам, а вось яго калегаў падалі як людзей, якія ня ведалі, што падпісвалі, і мусяць цяпер апраўдвацца.

Сюжэт па БТ у рубрыцы «Асьцярожна, правакацыя» паказалі ў вечаровай праграме «Панарама». Рэпартаж анансаваўся ад ранку ў кожным выпуску навінаў. Як вынікала зь яго, безыменны муляр з магілёўскага «Прамжылбуду» ледзьве не пакінуў бяз працы цэлую брыгады сваіх калегаў.

«Правакатар у гэтай брыгадзе адпрацаваў усяго два дні й пераканаў таварышаў падпісацца пад калектыўнай заявай аб сыходзе ў выглядзе пэтыцыі дырэктару ў сваю абарону. Яму пагражала непадаўжэньне кантракту празь нізкую кваліфікацыю. Цяпер падманутая брыгада муляраў патрабуе вярнуць усё на свае месцы й называе тое, што адбылося, няйнакш як правакацыяй», тлумачыў дыктар дзяржаўнага тэлебачаньня.

Сюжэт пра сваю брыгаду муляры глядзелі й цяпер абмяркоўваюць яго. Вось меркаваньне аднаго з напарнікаў Паўлоўскага:

«Абсалютна не спадабаўся. Паказалі праўду з аднаго боку толькі, то бок паказалі тое, што выгадна было паказаць. Каб паглядзелі й вызначылі, які Паўлоўскі кепскі чалавек. Нават прозьвішча „Паўлоўскі“ не прагучала. Магчыма, ня ўсё, што хацеў сказаць і той брыгадзір, і яшчэ там людзі, — можа, ня ўсё гэта ўвайшло ў сюжэт».

У муляра пытаюся: што найбольш не спадабалася яму ў сюжэце?

«Сказалі, што скасоўваюць кантракт празь нізкую кваліфікацыю. Але ў яго кваліфікацыя ня нізкая. Калі б у яго была нізкая кваліфікацыя, то яму б пастаянна заніжалі каэфіцыент працоўнага ўдзелу. Не заніжаюць — значыць, браку ніякага ён ня робіць. Тады пра якую нізкую кваліфікацыю можа ісьці гаворка?»

Перад камэрай дзяржаўнага тэлебачаньня падпісанты заявы, а цяпер адмаўленцы, сьцьвярджалі, што падпісваліся не за тое, што было ў ёй напісана:

«Як гаворыцца, стадны інстынкт. Адзін падпісаўся, потым другі. Ён жа ашуквае прыгожа. Горы залатыя абяцае. Што, маўляў, я ведаю законы, хлопцы, вы будзеце зарабляць. Я вось гэта зраблю, і будзе ўсё нармальна. Стадны інстынкт. Усе павяліся, і ўсё», скардзіўся адзін з адмаўленцаў.

11 студзеня гэты муляр казаў журналістам недзяржаўных СМІ іншае:

«Пачыталі, узгаднілі, падпісалі, што мы кантракты ня будзем працягваць, калі яго звольняць. Мы хочам, каб ён застаўся як спэцыяліст і працаваў. Гэта ў двух словах».

Карэспандэнт: «А ці будзеце адклікаць подпіс пад заявай?»

Муляр: «Я яшчэ раз паўтараю — непрацягненьне кантракту, калі яго звольняць».

Аляксей Паўлоўскі настойвае, што брыгада ведала, за што падпісалася. Сюжэт Беларускага тэлебачаньня ён называе неаб’ектыўным:

Аляксей Паўлоўскі

Аляксей Паўлоўскі

«Я б за такія справы падаў бы пазоў, за хлусьню, у суд, але папулярнасьці мне і так хапае. Там сказалі, што нібыта я зьбіраю подпісы пад адным, а падсоўваю другое — гэта хлусьня чыстай вады. У нас усё абмяркоўвалася. Кожны ўласнаруч запісаў свае імя, імя па бацьку і прозьвішча і паставіў свой подпіс. Я ўсё раблю сумленна й чэсна. Я бараню інтарэсы працаўнікоў найманай працы».

Зь пятнаццаці муляраў, якія падпісалі заяву ў падтрымку Паўлоўскага, толькі двое засталіся на салідарных зь ім пазыцыях. Астатнія ад подпісаў адмовіліся пасьля сустрэчаў сам-насам з прадстаўнікамі адміністрацыі прадпрыемства.

Апошні дзень працы муляра Аляксея Паўлоўскага ў «Прамжылбудзе» — 10 лютага. Адміністрацыя ўжо паведаміла, што працоўных адносінаў зь ім працягваць ня будзе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG