Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзкія ўлады Менску заяўляюць, што плян будаўніцтва гатэльнага комплексу «Пэкін» скарэктаваны ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі мясцовых жыхароў.

Пра гэта паведамілі прадстаўнікі Менгарвыканкаму і адміністрацыі Ленінскага раёну на адмысловай прэсавай канфэрэнцыі. Аднак грамадзкія актывісты патрабуюць поўнай адмены плянаў будаўніцтва і рыхтуюць новыя акцыі пратэсту.

Месца будаўніцтва гатэльнага комплексу «Пэкін» — парк «40-годзьдзя Кастрычніка» — было абрана інвэстарам, камэрцыйнай кампаніяй з Кітаю. Гатэльны комплекс зойме 3 гектары парку, і дзеля гэтага менскія ўлады мусяць высекчы сама меней 300 дрэваў. Такія пляны абурылі мясцовых жыхароў, якія накіравалі свае пратэсты ва ўсе вышэйшыя дзяржаўныя ўстановы, у тым ліку кіраўніку краіны. У выніку будоўля будзе працягнута ў адпаведнасьці з пажаданьнямі менчукоў, паведаміў старшыня Камітэту архітэктуры Менгарвыканкаму Аляксандар Пятроў:

«Прынята рашэньне скараціць высечку дрэў да мінімуму. Гэтае месца выбрана не выпадкова, бо гатэль — паркавага тыпу, і ён павінен патанаць у зеляніне. Гэта пяцізоркавы гатэль у кітайскім стылі. Там у парку захоўваецца веладарожка, якая ёсьць, людзі будуць гуляць, як і раней. Больш за тое, улічваючы гэты канфлікт, мэрам горада прынятае рашэньне пра ўпарадкаваньне парку, і гэта будзе зроблена дастаткова хутка».

Высечка паркавых дрэваў на месцы будаўніцтва «Пэкіну» была ўжо распачатая, а менскія эколягі ня толькі не ўзгаднялі праект забудовы, але яшчэ яго і ня бачылі. Тым ня менш ва ўправе экалягічнай экспэртызы мяркуюць, што праектам будуць улічаныя ўсе патрабаваньні дзейнага заканадаўства. А зь мясцовымі жыхарамі паразуменьне ўжо знайшлі, кажа кіраўнік управы экалягічнай экспэртызы Аляксандар Андрэеў:

«Пакуль, на сёньня, праекту забудовы ці праекту добраўпарадкаваньня няма. Нам абяцаюць, што ён будзе распрацаваны і пададзены на экспэртызу. І толькі тады мы зможам паглядзець, наколькі вытрыманыя... Але я ня думаю, што будуць сур’ёзныя праблемы зь мясцовымі жыхарамі. Бо напярэдадні таго... што адбылося, я сустракаўся зь мясцовымі жыхарамі, і народ, у прынцыпе, пагадзіўся з тым, што гатэль можа быць пабудаваны».

Тым часам мясцовыя жыхары і грамадзкія актывісты заяўляюць, што не задаволеныя касмэтычнай карэкціроўкай праекту і прынцыпова выступаюць супраць будаўніцтва кітайскага гатэльнага комплексу ў паркавай зоне ў цэнтры сталіцы. Гаворыць эколяг Валеры Дранчук:

Валер Дранчук

Валер Дранчук

«Улада хоча захаваць галоўнае — яна хоча захаваць гэты гатэльны комплекс на рэкрэацыйнай, на зялёнай зоне — можна сказаць, рэшткавай тэрыторыі, якая зьяўляецца месцам адпачынку. Людзі адразу сказалі — мы ня хочам ніякіх гатэляў, пакіньце парк у спакоі. І тое, што сёньня было „намалявана“ на прэсавай канфэрэнцыі — гэта хлусьня».

Сёньня мясцовыя жыхары і актывісты ў справе абароны парку «40-годзьдзя Кастрычніка» накіравалі ў Менгарвыканкам заяўку на пікетаваньне на месцы будаўніцтва гатэльнага комплексу «Пэкін». Пікет мае адбыцца 4 лютага.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG