Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фонд Эбэрта зьдзіўлены, за што іх выгналі зь Беларусі


У фондзе імя Фрыдрыха Эбэрта не разумеюць, чаму беларускія ўлады прынялі рашэньне аб закрыцьці яго прадстаўніцтва ў Менску.

Пра гэта ў інтэрвію БелаПАН заявіў кіраўнік аддзелу Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы ў фондзе Эрнст Гілебранд.

Паводле яго слоў, у верасьні 2011 году фонд Эбэрта зрабіў традыцыйны запыт у МЗС Беларусі аб працягу дазволу на працу прадстаўніцтва. Паколькі такія запыты носяць рэгулярны характар, перамовы зь беларускімі ўладамі не вяліся, растлумачыў Гілебранд.

«Патрабаваньне аб закрыцьці нашага прадстаўніцтва ў Менску для нас невытлумачальнае. Фонд Эбэрта працуе больш як у 100 краінах, выступае за паразуменьне паміж народамі, сацыяльную аснову глябалізацыі і рэалізацыю каштоўнасьцяў сацыяльна арыентаванай дэмакратыі. Мы не разумеем прычынаў, з-за якіх менавіта ў Беларусі наша праца зараз немагчымая. У рэшце рэшт, гэтая краіна ляжыць у цэнтры Эўропы», — заўважыў кіраўнік аддзелу фонду.

Гілебранд падкрэсьліў гатоўнасьць фонду Эбэрта працягваць працу ў Беларусі: «Мы гатовыя ў любы момант аднавіць працу ў Менску. Для гэтага неабходная сустрэчная гатоўнасьць беларускага ўраду супрацоўнічаць з намі».

Пра тое, што ў Менску закрываецца прадстаўніцтва аднаго з найбуйнейшых некамэрцыйных фондаў Германіі, стала вядома на пачатку сьнежня. Як растлумачыў прэс-сакратар беларускага МЗС Андрэй Савіных, такое рашэньне прынятае ў сувязі з тым, што дзейнасьць фонду Эбэрта «ня ў поўнай ступені адпавядае крытэрыям канструктыўнага ўзаемадзеяньня з органамі дзяржаўнага кіраваньня Беларусі».

Акрамя таго, заявіў Савіных, на гэтае рашэньне паўплывала «рэзкая радыкалізацыя пазыцыі Германіі ў дачыненьні да Беларусі».

У адказ МЗС ФРГ выказала абурэньне дзеяньнямі беларускага боку. Дзяржміністар Вэрнэр Гоер назваў рашэньне афіцыйнага Менску аб закрыцьці беларускага прадстаўніцтва фонду «чарговым крокам у бок самаізаляцыі». Фонд Эбэрта, паводле яго слоў, рабіў важны ўнёсак у разьвіцьцё супрацоўніцтва грамадзянскай супольнасьці Беларусі і Германіі.

Фонд імя Фрыдрыха Эбэрта заснаваны ў 1925 годзе і названы ў гонар першага ў гісторыі Германіі дэмакратычна абранага кіраўніка дзяржавы. Прадстаўніцтва ў Менску было адкрыта ў 1997 годзе. Яно займалася падтрыманьнем кантактаў зь дзяржаўнымі ўстановамі, НДА, палітычнымі і грамадзкімі дзеячамі.

У 2006 і 2008 гадах у беларускага прадстаўніцтва фонду ўжо ўзьнікалі праблемы — яго пазбаўлялі дазволу на ажыцьцяўленьне дзейнасьці ў Беларусі, але тады гэтае пытаньне ўдалося ўрэгуляваць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG