Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзёньнік пісьменьніка: Лысы замест Сямашкі


У зарэгістраваным Саюзе палякаў Станіслаў Сямашка больш не кіруе, яго замянілі Мечыславам Лысым. Што гэта азначае? Што начальства цяпер ня ў Горадні будзе, а ў Менску – бліжэй да цэнтральнай улады. Хаця палова дзейнасьці СПБ адбываецца на Гарадзеншчыне, казаў нейк спадар Сямашка.

Эпапея гэтага чалавека на чале арганізацыі нацменшасьці вартая ўвагі, хай постскрыптум. Што гэта было?

Прыватны гатэль


Спадар Сямашка прыбыў у слаўны каралеўскі горад з суседняга райцэнтру, каб адкрыць першы прыватны гатэль. Яго блізкі супрацоўнік мне прызнаўся: шэф больш за ўсё любіць будаўніцтва. Спачатку нумары былі па пяцьдзясят даляраў – у пераліку, потым падаражэлі, а гатэль пашырыўся. Начальства любіла там сяліць замежных прадстаўнікоў. Спадар Сямашка быў на добрым рахунку, як бізнэсовец канструктыўнага накірунку, які ніколі ня скардзіцца.

Напачатку восені 2009-га зьнянацку стала вядома, што чалавек гэты ўзначаліць польскі рух, у схільнасьці да якога раней заўважаны ня быў. Улады арганізавалі зьезд на «Азоце», хімічным гіганце, на белых аўтобусах прывезьлі дэлегатаў. Газэта на польскай мове надрукавала дзьве праграмы: Станіслава Сямашкі і Мечыслава Лысага зь Менску, які ў Саюзе палякаў ад пачатку. Аднак інтрыга адразу зьнікла: начальства спыніла свой выбар на першым зь іх. Прозьвішча не такое «моўнае», працуе на суседняй вуліцы ад галоўнага дому СПБ і грошы мае, хай фінансуе польскую справу! Газэта, дарэчы, назвала яго прыгожа «палякам посьпеху, асобай харызматычнай і неабыякавай».

Але была праблема валоданьня польскай мовай. Памятаю, калі зьвяртаўся да спадара Сямашкі, ён спыняў цябе: «Гавары па-руску!» Прэс-канфэрэнцыю праз паўгады таксама па-расейску даваў. Што ён тады сказаў? Што зарэгістравана пры СПБ прадпрыемства, каб зарабляць грошы: гандаль, вытворчасьць, якая канкрэтна – яшчэ не прыдумалі. Але бяз гэтага ніякая арганізацыя ня выжыве, патлумачыў ён і прызнаўся: «Калі правільна працаваць, то ў нашым Саюзе цікава, паверце, я ўжо крышку ўвайшоў у смак…»

Каралеўскія замкі


Мінулі паўгады, але вытворчасьць справа няпростая. Пайшлі чуткі, што спадару Сямашку начальства аддае на рэстаўрацыю абодва каралеўскія замкі. Ад яго я пачуў такія тлумачэньні: «Гэта сапраўды ў стадыі перамоваў і даюць праектаваньне нашаму прадпрыемству – два замкі – Стары і Новы. І давядзем справу да выніку, так бы мовіць. Грошы знойдуцца, на гісторыю, на культуру грошы заўсёды ёсьць. Паўсюль, я чытаю, грошай шмат, правільна накіраваць іх…» Спачатку праект, затым будаўнічыя работы, выказаў ён упэўненасьць.

Супрацоўнікаў спадара Сямашкі не засмучала, што рэстаўрацыяй раней не займаліся, былі гатовыя «асвоіць і гэты аб’ект», хаця пытаньне яшчэ не было вырашанае да канца. (Хіба дзякаваць Богу: так пакуль і ня вырашылася яно).

Яшчэ: сустрэцца з кіраўніком СПБ было няпроста, яго мабільны тэлефон ніхто не даваў, сказалі – нельга, у сядзібе арганізацыі ён бываў толькі раз на тыдзень, папярэдзілі мяне. Давялося пільнаваць і за вялікую ўдачу лічыць, што даў свой нумар вэлкомаўскі, які потым ад мяне бралі ўсе, польскія журналісты таксама.

Гавары па-польску!


Аднойчы на Савецкай плошчы паставілі сцэну: для народных гуртоў і адзінага аратара — Станіслава Сямашкі. Зь вялікіх узмацняльнікаў нечакана загучалі польскія словы. Прысутныя былі ўражаныя. Хаця скептыкі незадаволена камэнтавалі: з вуснаў кіраўніка СПБ чуць такую пальшчызну няёмка. Тым ня менш, чалавек зрабіў намаганьне над сабой. Здарылася гэта на фальклорнае сьвята «Казюкі».

Далей я не сачыў за дзейнасьцю саюзу спадара Сямашкі. Толькі аднойчы зьдзівіў газэтны здымак: актывісты стаяць карэ перад польскім консульствам, трымаючы ў руках плякаты. І ніхто іх не чапае, хаця ўсё адбывалася перад будкай міліцыянта. Пікетоўцы выказвалі свой пратэст польскім уладам з нагоды самагубчай сьмерці Анджэя Лепэра, у канцы жыцьця маргінальнага палітыка.

Калі Лепэра знайшлі ў кабінэце мёртвым, у той дзень я быў у Варшаве, пачуў навіну ў кавярні па радыё. Калі ўбачыў здымак пікету каля польскага консульства ў Горадні, падумалася: беларускае тэлебачаньне любіла браць у яго камэнтары, хаця ўсур’ёз у Польшчы Лепэра больш ніхто не ўспрымаў. Другое: каб ён быў жыхаром Беларусі і праводзіў тут свае вострыя эпатажныя акцыі, то даўно б сядзеў у турме. Гэта дакладна. Таму пікет каля консульства выглядаў наіўна і крывадушна адначасова.

Апошняе: пікет перад консульствам прайшоў на фоне маўклівых пратэстаў, у тым ліку ў Горадні, удзельнікаў якіх улады жорстка каралі, хаця людзі нічога не рабілі, нават не трымалі ніякіх плякатаў.

Бізнэсмэн нумар адзін


Спадар Сямашка, няма сумневу, прадпрымальны чалавек, любіць канкрэтную справу, праблема толькі, што Саюзу палякаў нічога ня трэба было будаваць. Усё раней было збудавана на грошы польскага ўраду, калі начальства яшчэ не зрабіла з арганізацыі дзьве – чэсную і нячэсную. Сёньняшняя патрэба: аплочваць камунальныя выдаткі Дамоў польскіх па ўсёй Беларусі. На месцах выкручваліся хто як мог, здавалі ў арэнду хто цырульні, хто пахавальнай ці нейкай іншай канторы. Але гэта праблемы не вырашае: улада ў Беларусі і рух польскі кантраляваць хоча, і не раскашэльвацца асабліва, а так не бывае.

Начальства спрабавала перакласьці свае клопаты на чужыя плечы, але спадар Сямашка ўсё пачынаў з нуля, прывык цаніць зароблены грош. Гісторыя бізнэсмэна мае даўнія пачаткі: яшчэ ў гады халоднай вайны ён быў на заробках у ФРГ, пра што прызнаўся некалі газэце «Вечерний Гродно» — «дапамаглі знаёмыя з Масквы», патлумачыў прадпрымальнік. Працаваў спадар Сямашка, у прыватнасьці, у Кёльне. (Дарэчы, зарабляў у Нямеччыне ён у 1980-85 гадох, калі савецкім людзям нават у суседнюю Польшчу трапіць было за шчасьце). «У Нямеччыне ўдалося нядрэнна зарабіць, і гэтыя грошы ўклаў у адкрыцьцё ўласнай справе на Радзіме», — прызнаўся газэце спадар Сямашка і падкрэсьліў: «Я першы ў Беларусі прадпрымальнік, маю пасьведчаньне N1».

Што датычыць Мечыслава Лысага, ён адкрыты для журналістаў, гаворыць па-беларуску, быў раней дырэктарам сельскай школы. Але ці вырашыць ён праблемы арганізацыі, трыманай начальствам для ўнутранага ўжытку, актывісты якой неўязныя ў Польшчу? Станіслаў Сямашка ня вырашыў.
XS
SM
MD
LG