Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна хоча панізіць цану паставак расейскага газу з 416 даляраў за 1000 кубамэтраў да 250 даляраў. Сёньня ў Маскве пачынаецца чарговы раўнд расейска-ўкраінскіх газавых перамоваў на гэтую тэму.

Прэм’ер-міністар Украіны Мікола Азараў заявіў напярэдадні перамоваў, што дзейная газавая дамова, якую ў 2009 падпісала з Расеяй тагачасны прэм’ер-міністар Юлія Цімашэнка, зьяўляецца непрымальнай.

«Гэта для нас дадаткова амаль мільярд даляраў штомесяц, якія мы плацім Расеі. Уявіце сабе, колькі сацыяльных праблемаў мы маглі б вырашыць» – сказаў Азараў.

Міністар энэргетыкі Ўкраіны Юры Бойка, які сёньня сустракаецца ў Маскве з кіраўніком «Газпрому» Аляксеем Мілерам, сказаў, што Кіеў плянуе купляць газ у Турцыі. Раней Бойка заяўляў аб плянах скараціць аб’ёмы закупу расейскага газу ўдвая.

Масква неаднаразова давала зразумець, што цана расейскага газу для Ўкраіны можа быць увязаная з набыцьцём часткі газатранспартнай сыстэмы Ўкраіны «Газпромам».

Учора Аляксей Мілер заявіў, што палітыка Кіева можа прывесьці да заняпаду значэньня газатранспартнай сыстэмы Ўкраіны.

Адказваючы на пытаньне журналістаў аб тым, якое месца «Газпром» адводзіць газатранспартнай сыстэме Ўкраіны з улікам будаўніцтва марскога газаправоду «Паўднёвы паток», Мілер сказаў: «Гэта цалкам залежыць ад той ролі, якую адводзіць газатранспартнай сыстэме сам украінскі бок. Калі, як можна пачуць ва Ўкраіне, газатранспартная сыстэма – гэта гістарычны скарб, то, відаць, яе месца ў музэі».

Былую прэм’ер-міністра Ўкраіны Юлію Цімашэнку ў кастрычніку летась асудзілі на сем гадоў пазбаўленьня волі – суд прызнаў яе вінаватай у перавышэньні паўнамоцтваў пры падпісаньні газавых кантрактаў з Расеяй у 2009 годзе.
XS
SM
MD
LG