Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтуховіча адправяць з калёніі ў турму


Мікалай Аўтуховіч

Мікалай Аўтуховіч

Суд пастанавіў перавесьці палітвязьня з калёніі ў крытую турму да канца ягонага тэрміну – гэта больш, як на два гады.

У Івацевіцкай калёніі нумар 5 сёньня прайшоў суд над палітвязьнем Мікалаем Аўтуховічам. Суд вырашыў зьмяніць умовы адбыцьця пакараньня Аўтуховіча на турму да канца ягонага тэрміна – прыкладна на 2 гады і 2 месяцы. Гэта паведаміў Свабодзе былы адвакат Аўтуховіча Павал Сапелка.

На думку суду, былы прадпрымальнік ня стаў на шлях выпраўленьня, таму ён будзе пераведзены ў турму. Паводле Сапелкі, Аўтуховіч, праўдападобна, будзе адбываць пакараньне ў Гарадзенскай турме. На судзе Аўтуховіч заявіў, што па-ранейшаму не прызнае сябе вінаватым.

Разгляд ініцыявала адміністрацыя калёніі нумар 5. На яе думку, Аўтуховіч парушаў рэжым і заслугоўвае больш жорсткіх умоваў утрыманьня, чым цяпер.

Мікалай Аўтуховіч адбывае тэрмін 5 гадоў і 2 месяца ў Івацэвіцкай калёніі ўзмоцненага рэжыму нібыта за незаконнае захоўваньне і перавозку пяці патронаў і паляўнічай стрэльбы.

Напярэдадні суду над Мікалаем Аўтуховічам на «Свабоду» трапіла пасланьне ад палітвязьня. Мікалай піша, што гатовы да таго, што чакае яго пасьля суду. Выказвае падзяку ўсім знаёмым і незнаёмым людзям, якія маральна падтрымлівалі яго.

На мінулым тыдні падобны працэс па пераводзе з калёніі ў турму прайшоў над Мікалаем Статкевічам. Яго асудзілі на тры гады.
XS
SM
MD
LG