Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На чэмпіянат сьвету па хакеі ў Беларусь – бязь візы


Беларусь уводзіць бязьвізавы ўезд з 25 красавіка да 31 траўня 2014 году для афіцыйных удзельнікаў чэмпіянату сьвету па хакеі і замежных турыстаў.

Адпаведны ўказ № 28 «Аб некаторых пытаньнях правядзеньня чэмпіянату сьвету па хакеі 2014 году ў г. Менску» падпісаў 16 студзеня Аляксандар Лукашэнка.

Падставай для бязьвізавага ўезду ў Беларусь для афіцыйных удзельнікаў чэмпіянату будзе ўключэньне іх у афіцыйныя акрэдытацыйныя сьпісы, а для турыстаў – наяўнасьць арыгінальнага квітка на матчы чэмпіянату. Ад афіцыйных удзельнікаў чэмпіянату і замежных турыстаў таксама ня будуць патрабаваць дамову мэдычнага страхаваньня.

Днямі прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі хакею (IIHF) Рэнэ Фазэль пацьвердзіў прынятае раней рашэньне праводзіць чэмпіянат сьвету ў 2014 годзе ў Беларусі. У студзені 2011-га, неўзабаве пасьля жорсткага разгону ўдзельнікаў акцыі на плошчы Незалежнасьці ў Менску, Эўрапарлямэнт рэкамэндаваў Міжнароднай фэдэрацыі хакею замарозіць правядзеньне ўсясьветнага першынства ў Беларусі. Ухваленая дэпутатамі рэзалюцыя адзначала, што спартовыя мерапрыемствы такога маштабу ня могуць праводзіцца ў краіне, дзе ёсьць палітвязьні. Цягам мінулага году з аналягічнымі заявамі выступалі асобныя палітыкі, дзеячы культуры, мастацтва.

«...Мы абмяркоўвалі гэтае пытаньне на пасяджэньні Рады і на Кангрэсе. Кангрэс прыняў рашэньне праводзіць турнір у Беларусі і ў 2014 годзе. Мы ўбаку ад палітычных дыскусій», – заявіў Фазэль журналістам у канадзкім горадзе Калгары.
XS
SM
MD
LG